Вынiкi гэтай праверкi павiнны былi засьведчыць тое, што мясцовая вэртыкаль трымае пад кантролем сфэру платных паслугаў насельнiцтву ў шпiталях ды лякарнях. Чакалася, што пасьля своеасаблiвай "рэвiзii" мэдычных установаў Берасьцейшчыны аблвыканкам прыме адмысловае рашэньне. У адпаведнасьцi зь iм будзе забаронена iснаваньне прыватных структураў у будынках, што належаць да дзяржаўнай маёмасьцi.
Але, паводле крынiцаў у аблвыканкаме, ад гэтага пляну прыйшлося адмовiцца. Пасьля адпаведных разьлiкаў высьветлiлася, што арэндная плата, атрыманая ад прыватнiкаў, дазваляе кампэнсаваць зьмяньшэньне дзяржаўнага фiнасаваньня мэдычнай галiны. Дарэчы, доўгi час недахоп сродкаў на ахову здароўя мясцовыя ўлады тлумачылi неабходнасьцю накiроўваць вялiкiя грошы на новабудоўлю – шматпрофiльную больнiцу ў Берасьцi. Мiж тым, будаўнiцтва гэтага аб'екту цягнецца ўжо 13 гадоў, i зараз супрацоўнiкi Дзяржкантролю выявiлi шматлiкiя злоўжываньнi.
Таму прапанова ўладаў – у прыватнасьцi, пазбавiць прыватныя структуры памяшканьняў у берасьцейскiх палiклiнiках – выклiкала нэгатыўную рэакцыю лекараў. Так, супрацоўнiкi палiклiнiкi №2 – адной з найлепшых у абласным цэнтры – гавораць, што ў некаторых выпадках яны ня здольныя аказваць грамадзянам мэдычныя паслугi – няма адпаведнага абсталяваньня цi мэдыкамэнтаў.
Зараз мясцовая вэртыкаль зьбiраецца яшчэ больш дэталёва прааналiзаваць дзейнасьць установаў аховы здароўя. Плянуецца, што лёс кожнай з арганiзацыяў, што аказвае платныя мэдычныя паслугi, будзе вырашацца асобна. Шэраговыя лекары лiчаць, што гэта таксама небясьпечна: тады ўсё будзе залежыць ад жаданьня таго цi iншага чыноўнiка, альбо, iншымi словамi – ягонай карумпаванасьцi.