Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ 500 САЛІГОРЦАЎ ХВОРЫЯ НА ДЫЗЭНТЭРЫЮ


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

Сваё стаўленьне да дзеяньняў уладаў ва ўмовах эпідэміі вызначыла салігорская арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Вось што распавяла лідэрка гарадзкой рады АГП Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) "Самае прыкрае — адсутнасьць галоснасьці, асабліва што да прафіляктыкі. Інфармацыі мала, людзі ня ведаюць, як сябе паводзіць, каб не захварэць. Гастраномы, дзе прадавалі прадукцыю Салігорскага гармалзаводу, ніхто не абеззаражваў. Сябры нашай партыі правялі адмысловы пікет, распаўсюджваючы адмысловы зварот да землякоў".

Старшыня Салігорскага гарвыканкаму Ганна Лаўрукевіч паведаміла, што тэмпы росту захварэлых і падазраваных у захворваньні на дызэнтэрыю зьмяншаюцца — сёньня а сёмай раніцы такіх было 518 чалавек, а чакалі — каля 600. Кіраўніца вэртыкалі зазначыла: перад салігорцамі па мясцовым тэлебачаньні й радыё рэгулярна выступаюць санітарныя дактары з прафіляктычным і гутаркамі. Але ж адмысловай памяткі на гэты конт так і не зьявілася.

А вось што адказалі на мае пытаньні салігорцы, якія сёньня прымалі адмысловыя ўлёткі філіі АГП.

(Карэспандэнт: ) "Ці ведаеце, што ў горадзе назіраюцца рэцэдывы дызэнтэрыі?"

(Мінак: ) "Я чуў пра гэта па Беларускім тэлебачаньні, прачытаў таксама ў "Народнай Волі".

(Іншы: ) "Так, знаю. Чуў па праграмах БТ і "Сталіца". А па нашай праграме я нічога ня чуў. Была вось нядаўна праграма па СТК пра Салігорскі малаказавод, але там казалі, што ўзнагароды нейкія раздаюць, а вось як закрылі — то нават і не паведамілі, чаму закрыўся гэты малаказавод".

Учора інфэкцыя перасягнула межы Салігорску. Першыя восем жыхароў суседняга мястэчка Любань зьвярнуліся па дапамогу ў раённыя мэдычныя ўстановы.
XS
SM
MD
LG