Лінкі ўнівэрсальнага доступу

273 ПАСЕЛІШЧЫ ПАКІНУЛІ ЛЮДЗІ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ПАСЬЛЯ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Ужо зранку ад Веткі ў бок Барталамееўкі ды іншых адселеных вёсак на ўсходзе раёну пацягнуліся легкавікі. Міліцэйскі пост амаль нікога не правярае. Шлягбаум адчынены.

Саму вёску Барталамееўку выселілі ў 1990 годзе, калі разабраліся, што ня толькі на поўдні краіны, але і тут навакольле засыпанае радыяцыяй. Нядаўна закапалі ў зямлю і большасьць хатаў. Так што ў Барталамееўцы два пагосты — памерлых людзей і радыяцыйна забруджаных хатаў.

На людзкіх могілках шмат наведнікаў. Тут да гэтага часу хаваюць перасяленцаў. Прывозяць на вечны спачын з Гомеля, Веткі, Рэчыцы. Летась у верасьні ўнук прывёз сюды на пахаваньне зь Менску 101-гадовую Маўру Анішчанку.

На Радаўніцу магілы продкаў, прыбраныя за два-тры дні да таго, барталамееўцы ўсьцілаюць рушнікамі альбо абрусамі. Кладуць фарбаваныя яйкі, варанае мяса, каўбасу, катлеты. І абавязкова ставяць бутэлькі гарэлкі. Наліваюць шклянкі памерлым і падымаюць самі чаркі з просьбамі-малітвамі.

(Спадарыня: ) “Прашу ў Пана Бога заспакоіць памерлых маіх бацькоў. Дай ім царства нябеснае, сьвет белы. Каб яны на тым сьвеце ўсё толькі добрае бачылі”.

На могілках сустрэў Алену Музычэнку. З Барталамееўкі яна наагул не высялялася. Жыве ў вёсцы з мужам. Сюды прыехаў і іхны дарослы сын. Сваю адмову пакінуць выселеную вёску спадарыня Музычэнка патлумачыла так:

(Музычэнка: ) “Куды я паеду, са свае ў чужую хату? Не з таго боку сонца будзе сьвяціць. Вырашыла застацца ў сваёй вёсцы. У нас была гаспадарка, пакінуць яе пашкадавала”.

(Карэспандэнт: ) “Хто ў вас тут пахаваны?”

(Музычэнка: ) “Маці, бацька, сястра, брат — уся радня. На Радаўніцу прыходзім, нясем усё. Выпіваем, успамінаем”.

(Карэспандэнт: ) “А продкам сваім, бацькам распавядаеце, якая ў вёсцы адбылася трагедыя? Што яе засыпала радыяцыяй і людзей прыйшлося высяляць?”

(Музычэнка: ) “Радыяцыі мы не адчуваем. Ці яна пахне, ці яна сьмярдзіць — мы радыяцыі ня бачым”.

На радыяцыю вяскоўцы ўвагі не зьвяртаюць. Вераць ў іншае. Распавядае Лідзія Сілкіна, якая жыве цяпер у Гомелі:

(Сілкіна: ) “Вот Радаўніца, а яны ўсе, мёртвыя, выйшлі і глядзяць на нас. Мы іх ня бачым, а яны — глядзяць на нас!”

Лідзіі Сілкінай, як і шмат каму іншаму, новае месца жыхарства не падабаецца:

(Сілкіна: ) “Ужо 12 гадоў пражылі ў Гомелі. Будзь ён пракляты, гэты Гомель. Ня хочацца там жыць! То пэнсію не даюць, то тое, то гэтае… Лепей бы нас не высялялі. Якая сабака нас выселіла — чорт яго ведае. Панажываліся чыноўнікі за нашы хаты, кішэні панабівалі, а нас у роспачы пакінулі. Так скажу, не баюся нікога. І з ашчадных кніжак усё пабралі, пакінулі нас жабракамі. Самі ж жывуць, морды сытыя. Мы ж у гэты дзень паседзімо на могілках, сустрэнем адзін аднаго, паплачам, спытаем, як жывецца. Канечне, самае галоўнае — здароўе, а здароўя ў нас ужо няма”.

Аднак найбольшая крыўда ў перасяленцаў з-за таго, што на Радаўніцу з Гомеля да Сьвяцілавічаў не было простага маршруту аўтобуса, і на могілкі ў Барталамееўку многім прыйшлося дабірацца зь перасадкай на аўтастанцыі ў Ветцы.
XS
SM
MD
LG