Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ АДБЫЎСЯ МІТЫНГ


Казімер Яноўскі, Гомель

Нягледзячы на такія абставіны, Беларускі Народны Фронт, суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сацыял-дэмакраты падтрымалі ініцыятыву прыватных асобаў.

Мітынг працягваўся гадзіну. Выступілі каля дзясятка прамоўцаў. Яны адзначалі, што дэмаграфічныя, мэдычныя, матэрыяльныя і маральныя страты насельніцтва не паддаюцца ўліку. Аднак замест рэальнай дапамогі палешукоў 16 гадоў кормяць абяцанкамі і хлусьнёй. Людзі выміраюць, ня маючы сродкаў на нармалёвае харчаваньне і лячэньне. Летась з гэтай прычыны колькасьць насельніцтва рэгіёну зменшылася амаль на 8 тысяч. Так званая Чарнобыльская праграма хранічна не выконваецца.

Гаворыць старшыня абласной арганізацыі БНФ спадар Раманішка:

(Раманішка: ) “Кожны выступ праз радыё, тэлебачаньне ўлады паўтараюць, што няма грошай. Дык вас жа паставілі для таго, каб грошы былі!”

Былы старшыня Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктар Хоміч, які прысутнічаў на мітынгу, сказаў нашаму радыё:

(Хоміч: ) “Першая праблема — гэта праблема інфармацыйная. Мы сем гадоў чуем ад прэзыдэнта, што 25% нашага рэспубліканскага бюджэту ідзе на чарнобыльскія патрэбы. На самай справе — і бюджэт 2002 году гэта пацьвердзіў — выдаткоўваецца 5%. Вядзецца палітычная гульня. Асаблівы “клопат” на радыё, тэлебачаньні, у газэтах кожны год у красавіцкія дні”.

Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю:

“Памятаючы пра сваю чалавечую годнасьць, мы патрабуем: спыніць антынародную палітыку рэжыму Лукашэнкі і аднавіць на Беларусі канстытуцыйную законнасьць, справядлівасьць і парадак; прыцягнуць да адказнасьці ўсіх прадстаўнікоў каляніяльнай адміністрацыі, вінаватых у злачынствах перад народам Беларусі; спыніць калянізацыю Палесься шляхам прывабліваньня на нашую зямлю уцекачоў, беглых крымінальнікаў і асобаў без грамадзянства; адмяніць прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ.

Разумеючы, што справіцца з эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі бедамі нашага народу нельга без вырашэньня праблем палітычных, мы патрабуем адхіленьня ад улады Лукашэнкі і яго каляніяльнай адміністрацыі праз правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным пратэктаратам”.
XS
SM
MD
LG