Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПАМЕЖЖЫ БЕРАСЬЦЕЙСКАГА I МАЛАРЫЦКАГА РАЁНАЎ ПРАЦЯГВАЕЦЦА БУДАЎНIЦТВА СХОВIШЧА ДЛЯ ЗАХАВАНЬНЯ РАДЫЕАКТЫЎНЫХ АДКIДАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Кiраўнiцтва трэсту "Брэствадбуд", якi атрымаў замову на будаўнiцтва сховiшча, узгадняла ў Менску далейшыя захады па фiнансаваньні гэтай будоўлi з рэспублiканскага бюджэту. Як паведамiлi ў трэсьце "Брэствадбуд", пакуль праблемаў з атрыманьнем грошай няма: на праектныя ды падрыхтоўчыя работы ўрадам Беларусi ўжо выдаткавана каля аднаго мiльярду рублёў. У сховiшча плянуецца перавезьцi i захоўваць выпрацаваную на атамных электрастанцыях радыеактыйную руду. Зараз яна захоўваецца на так званым “аб'екце 802", што месьцiца побач з Берасьцейскай крэпасьцю.

Вiктар Кiрычун, старшыня Вялiкарыцкага сельвыканкаму, на тэрыторыi якога распачалася будоўля сховiшча радыеактыўных адкiдаў, гаворыць, што будаўнiкi нiяк не рэагуюць на прапановы мясцовых уладаў i Маларыцкага райвыканкаму ўзгадняць зь імі свае дзеяньнi. Дагэтуль мясцовая вэртыкаль ня мае тэхнiчнага абгрунтаваньня неабходнасьцi стварэньня гэтага аб'екту i ягонай экалягiчнай бясьпекi. Гаворыць спадар Кiрычун:

(Кiрычун: ) "Я не разумею, як яны дазволiлi будаваць гэты сьметнiк — сховiшча радыеактыўных адкiдаў — калi там тысяча гектараў аддадзеная на ўчасткi пад лецiшчы. Я не разумею, як там можна будаваць".

Старшыня сельвыканкаму ўпэўнены, што калi сховiшча сапраўды пабудуюць, экалягiчная сытуацыя ў рэгiёне iстотна пагоршыцца. Гэтыя мясьцiны вельмi прываблiваюць жыхароў Берасьця i ваколiцаў, бо тутэйшыя лясы багатыя на грыбы ды ягады. Зьяўленьне сховiшча пазбавiць вяскоўцаў i ўладальнiкаў лецiшчаў магчымасьцi атрымліваць якасную сельгаспрадукцыю.

На гэтую акалiчнасьць зьвярнулi ўвагу i берасьцейскiя сябры незарэгiстраванай моладзевай арганiзацыi "Зубр". Цягам апошнiх тыдняў яны сабралi больш за 1300 подпiсаў супраць будаўнiцтва сховiшча. Пра стаўленьне людзей да гэтай акцыi распавядае Палiна Панасюк:

(Панасюк: ) "Як высьветлiлася, нягледзячы на шматлiкiя публiкацыi ў "Брестском курьере" ды iншых выданьнях гораду, людзi неiнфармаваныя пра будаўнiцтва. Некаторыя ўпершыню ад нас пачулi пра гэта i шмат у каго ў галаве не ўкладвалася, што сховiшча будуецца ў такiм месцы — зоне адпачынку берасьцейцаў, дзе шмат лецiшчаў".

Спадарыня Панасюк таксама паведамiла, што людзi, якiя ставiлi свае подпiсы, выказвалi жаданьне ўдзельнiчаць у iншых акцыях, каб спынiць будаўнiцтва каля Берасьця небясьпечнага аб'екту.
XS
SM
MD
LG