Прафэсар Бандажэўскі і шматлікія яго паплечнікі вывучалі ўплыў малых дозаў радыяцыі на розныя сыстэмы арганізму чалавека, а таксама мэтады радыяцыйнай абароны. 30 супрацоўнікаў інстытуту пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысэртацыі ў Маскве, Менску, Санкт-Пецярбургу.
Распавядае кандыдат мэдычных навук з катэдры фізіяпаталёгіі Арцём Вейнер.
(Вейнер: ) “Была агульная тэма ўзьдзеяньня інкарпараваных радыёнуклідаў на сыстэмы арганізму чалавека. Ад яе адыходзіла шмат падтэмаў: уплыў радыяцыі на арганізм, які разьвіваецца, на зародак чалавека, на кровеўтварэньне і іншае. Даследаваньні вяліся на шэрагу катэдраў, кіраўніком быў Юры Іванавіч. Зараз па радыяцыйным узьдзеяньні асобна нічога не вядзецца”.
Узьдзеяньне радыяцыі наўпрост не вылучаецца з агульных экалягічных праблемаў, хаця ранейшыя дасьледаваньні паказвалі залежнасьць стану здароўя ад колькасьці радыёнуклідаў у арганізьме.
Вось што сказала з гэтай нагоды кандыдат мэдычных навук, вучаніца Юрыя Бандажэўскага Ала Заранкіна:
(Заранкіна: ) “Мы вывучалі ўплыў радыёнуклідаў на сардэчна-сасудзістую сыстэму дзяцей раньняга ўзросту з парушэньнямі страваваньня. Трэба сказаць, што мы знайшлі вялікую долю сардэчна-сасудзістай паталёгіі ў дзяцей, менавіта сардэчнай мышцы. Усе дзеці мелі пэўны ўзровень радыёцэзію ў арганізьме, і ўсе дзеці — больш як 99% — мелі адпаведныя парушэньні”.
Калега Заранкінай з катэдры педыятрыі, таксама кандыдат мэдычных навук Сьвятлана Іўкіна з удзячнасьцю ўспамінае навуковыя дасьледаваньні пад кіраўніцтвам Бандажэўскага. Аднак пытаюся ў яе пра іншае:
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, Сьвятлана Сьцяпанаўна, ці зьмяніўся зараз фармат дасьледаваньняў? Ці сталі яны больш шырокімі? Ці, наадварот, дасьледаваньні ўзьдзеяньня радыяцыйнага цэзію на арганізм чалавека звузіліся?”
(Іўкіна: ) “Звузіліся, канешне. Мы зараз не выяжджаем нікуды. Дзяцей маем магчымасьць абсьледаваць толькі тых, якія знаходзяцца ў стацыянары. Гэта і гарадзкія дзеці, і бываюць з забруджаных раёнаў. Праводзіцца тое, што магчыма ў нашых умовах у рамках стацыянару. Але дасьледаваньні ў залежнасьці ад назапашваньня радыёнуклідаў у нас зараз не вядуцца”.
Паводле яе словаў, цяпер нават і прыбораў адпаведных няма. Прафэсар Бандажэўскі ў свой час дамаўляўся з рознымі арганізацыямі на арэнду патрэбных прыбораў, і катэдры атрымлівалі магчымасьць для дасьледаваньняў.