Вынікі перамоваў Аляксей Лапіцкі, старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ, назваў аптымістычнымі. Загадчык аддзелу адукацыі гарвыканкаму Яўген Горыд ад камэнтароў устрымаўся, аднак зазначыў, што канкрэтныя выпрацаваныя прапановы адпавядаюць вядомай пастанове Мінадукацыі ад 28 жніўня мінулага году, што тычыцца дадатковых мераў у справе падтрымкі беларускай мовы ў сыстэме адукацыі.
Некалькі дзясяткаў удзельнікаў круглага стала, у тым ліку чыноўнікі і дэпутаты, былі змушаныя прызнаць ненармальным той факт, што ў Жодзіне пасьля 1995 году роднае слова зусім зьнікла зь дзіцячых садкоў, сярэдніх школаў, ліцэяў і коледжаў.
Вось што сказаў у сваім выступе старшыня адной з камісіяў гарсавету Аляксандар Валчанін:
(Валчанін: ) "Я бачу адзін выхад — у супрацоўніцтве ўсіх зацікаўленых бакоў. Ужо тое , што на сустрэчы загадчык аддзелу адукацыі, гаворыць аб тым, што прыйшоў час для грунтоўнай гутаркі — гэта ўжо крок наперад. Асабліва важна, што сёньня сабраліся як прадстаўнікі прадстаўнічай улады, так і выканаўчай улады. Я як дэпутат гарадзкога Савету павінен выконваць закон аб адукацыі. Я буду ў сваёй дэпутацкай дзейнасьці выкарыстоўваць беларускую мову".
За два дні перамоваў быў выпрацаваны праект дамовы аб супрацоўніцтве паміж гарадзкім аддзелам адукацыі, з аднаго боку, і Жодзінскай арганізацыяй ТБМ, з другога боку, пры ўдзеле прадстаўнікоў гарсавету, а таксама іншых грамадзкіх арганізацыяў. У праекце — каля дваццаці прапановаў, якія павінны рэалізаваць у сёлетнім навучальным годзе гарадзкія ўлады.
Сярод іх галоўныя: арганізацыя беларускамоўнай гімназіі імя Міхася Ткачова, стварэньне беларускамоўнага дзіцячага садка, арганізацыя ў кожнай школе і дашкольнай установе беларускіх клясаў і групаў.
Калі ж гэты дакумэнт будзе падпісаны спадарамі Лапіцкім і Горыдам? Вось што сказаў Радыё Свабода Аляксей Лапіцкі пасьля таго, як ён зь Яўгенам Горыдам у рабочым парадку абмеркаваў праект:
(Лапіцкі: ) "Выказаная згода яго падпісаць пасьля некаторых дапрацовак, і гэтая сустрэча мусіць адбыцца на наступным тыдні. Мы дапрацуем гэты дакумэнт і спадзяемся падпісаць".