Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКАНКАМЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ВЫМАГАЮЦЬ ГРОШЫ НА СЯЎБУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Хойніцкі райвыканкам забавязаў ажно 44 арганізацыі й прыватныя асобы купіць 11 калгасам і саўгасам 65 тон дызэльнага паліва. Калі хто ня можа набыць салярку самастойна, павінен пералічыць сродкі на адмысловы рахунак у мясцовай філіі “Беларусбанку”.

Памер унёску вызначаецца ў залежнасьці ад велічыні арганізацыі ці ўстановы. Да прыкладу, сыраробчы камбінат павінен купіць 5 тон дызэльнага паліва, філія банку – 3 тоны, друкарня – 2. Прыватныя фірмы “Аніс” і “Гермэс” райвыканкам абавязаў купіць па адной тоне саляркі.

Не абмінуў райвыканкам і зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэтак, Сяргею Малашкіну загадалі даць на сяўбу 300 літраў паліва, столькі ж – спадару Сачанку. У сьпіс тых, хто павінен ахвяраваць сродкі на сяўбу, уключаны “Саюздрук” і аптэка. Аптэцы трэба набыць ажно 2 тоны саляркі.

Распавядае намесьніца загадчыцы аптэкі Людміла Катлярэнка:

(Катлярэнка: ) “Мы не купілі паліва, бо грашыма не распараджаемся. У нас вышэйшая арганізацыя – абласное прадпрыемства “Фармацыя”, яна ўсім распараджаецца. Сёньня загадчыца аптэкі паехала ў Гомель. Ліст генэральнаму дырэктару мы даслалі раней. Што яны там вырашаць, я ня ведаю”.

Кіраўніца “Саюздруку” Любоў Наруцкая паведаміла, што сваю долю ў пасяўную яе арганізацыя ўжо дала:

(Наруцкая: ) “Пералічылі ў мінулым месяцы. За 300 літраў – 90 тысяч рублёў”.

Вольных грошай “Саюздрук” ня меў. На пытаньне, дзе ж узялі грошы, Наруцкая адказала: “Няхай лепей гісторыя замоўчвае”.

Паборы на пасяўную кампанію не вырашаюць усіх фінансавых праблемаў сельскай гаспадаркі. Намесьнік кіраўніка аблсельгасхарчу Васіль Яцэвіч дадае, што апроч дэфіцыту сродкаў на паліва, вобласьць ня мае магчымасьці набыць патрэбную колькасьць мінэральных угнаеньняў. Зь неабходных 15,5 мільярда рублёў ёсьць толькі траціна.
XS
SM
MD
LG