Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКА АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА ПРАЦЯГВАЕ ВЫСЬВЯТЛЯЦЬ АБСТАВІНЫ СЬМЕРЦІ СЫНА


Казімер Яноўскі, Гомель

Адразу пасьля сьмерці Зайцаў-старэйшы зьвяртаўся ва ўправу КГБ з патрабаваньнем даць адказ, хто з супрацоўнікаў управы вэрбаваў яго сына Андрэя у сакрэтныя інфарматары. Управа КГБ перадала заяву ў пракуратуру Савецкага раёну, якая нібыта высьвятляла прычыну сьмерці 24-гадовага Андрэя.

Пракуратуру, аднак, не цікавілі абставіны вэрбоўкі супрацоўнікам УКГБ Зайцава-малодшага. Яна не знайшла падставаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы з прычыны давядзеньня Андрэя да самагубства.

Зайцаў-старэйшы і ягоны адвакат Іванішка падалі пазоў у суд Савецкага раёну, але і суд ня стаў разглядаць справу. Спаслаўся на непадведамаснасьць.

Пазоўшчыкі падалі скаргу ў абласны суд. Тэрмін скончыўся, аднак адказу няма.

Вайсковы камісарыят, дзе Андрэй сустракаўся з супрацоўнікам УКГБ, даслаў адпіску: маўляў, бяз позвы нельга высьветліць, хто выклікаў Адрэя ў камісарыят.

Распавядае адвакат Іванішка.

(Іванішка: ) “Я зрабіў таксама запыт у “Гомельаблтэлеком” яшчэ 10 студзеня, каб высьветліць, каму менавіта належаў тэлефон і пэйджэр, якія атрымаў Андрэй для сувязі. Адказу дагэтуль няма. Я вымушаны зараз зрабіць паўторны запыт і даслаць заказным лістом. У перадсьмяротнай запісцы Зайцава ёсць тэлефоны, і мы проста абавязаныя даведацца, каму яны належаць”.

Адначасова Дзьмітры Іванішка пачаў праводзіць апытаньні сьведкаў, каб запісаць іх і ўсё такі прымусіць пракуратуру ўзбудзіць крымінальную справу пра давядзеньне Зайцава да самагубства. У прыватнасьці, гамельчук Андрэй Толчын засьведчыў, што асабіста дапамагаў Зайцаву запісаць на аўдыёстужку размову з супрацоўнікам УКГБ.
XS
SM
MD
LG