Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭЧЫЦКАЯ АКТЫВІСТКА АГП НАТАЛЬЛЯ БРЭЛЬ ПАПРАСІЛА ПАЛІТЫЧНАГА ПРЫТУЛКУ Ў БЭЛЬГІІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Апошнія шэсьць месяцаў Натальля Брэль знаходзілася пад падпіскай пра нявыезд. Такую меру Рэчыцкая пракуратура выбрала ў дачыненні маладой актывісткі пасля таго, як 30 жніўня мінулага году ўзбудзіла супраць яе крымінальную справу за абразу прэзыдэнта. У той дзень Натальля зь іншымі маладымі рэчычанамі праз гарвыканкам перадала да дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі скрынку з падарункамі, сабранымі гараджанамі.

Падарункі гарвыканкам адрасату не даслаў, а перадаў у пракуратуру. Там і зрабілі выснову, што сабраныя рэчы — шнур для бялізны, завязаны ў форме пятлі з паштоўкаю і адмысловым пажаданьнем, белы батон, зубная паста і шчотка, туалетная папера, два алоўкі, пластмасавая лінейка з прымацаванай паштоўкаю — прыніжаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы.

Подпісы на каляровых паштоўках сьледчы Дзям’янчык расцаніў як паклёп на прэзыдэнта. Такім чынам, спадарыню Брэль абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — абраза і паклёп на прэзідэнта.

У Натальлі Брэль на гэты конт свая думка. Вось што распавядала яна ў свой час Радыё Свабода:

(Брэль: ) “Я ня ведаю, чаму яны так палічылі. Можа быць, Аляксандар Рыгоравіч расцаніў бы гэта не як абразу, а як нейкі жарт, можа, нават ня вельмі ўдалы. Магчыма, у гарвыканкаме і пракуратуры хацелі нейкім чынам праявіць сябе, выслужыцца”.

За падарункі Натальля амаль чацьвёра сутак правяла за кратамі, але абвінавачаньняў не прызнала. Усе згаданыя рэчы да дня народзінаў кіраўніка дзяржавы сабралі гараджане, а яна толькі запакавала іх у прыгожую скрынку.

Тым ня менш, пракуратура перадала справу на судовы разгляд. Аднак Натальля Брэль у суд не зьявілася. Учора судзьдзя Рэчыцкага гарадзкога суду Анатоль Стрэльчанка вынес пастанову пра часовае спыненьне разгляду крымінальнай справы супраць Натальлі Брэль. Справа вернутая ў пракуратуру для арганізацыі пошуку адказчыцы.

Маці Натальлі Брэль, Яўгенія Міхайлаўна, паведаміла, што Натальля знікла з дому дзесяць дзён таму. Сытуацыя з крымінальным перасьледам яе надзвычай прыгнятала.

Натальля завочна вучыцца ў асьпірантуры Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэмііі навук. Працяглыя абмежаваньні пракуратуры заміналі падрыхтоўцы і напісаньню навуковай дысэртацыі.
XS
SM
MD
LG