Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГРАМАДЗЯНСКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ” АПРАТЭСТАВАЛІ НЕЗАКОННУЮ КАНФІСКАЦЫЮ


Казімер Яноўскі, Гомель

Судзьдзя Ганна Новік яшчэ паўтара месяца таму на падставе ліста з управы КГБ і дэкрэту Лукашэнкі №8 пастанавіла сканфіскаваць кампутарную тэхніку “Грамадзянскіх ініцыятываў”. Яна нібыта выкарыстоўвалася для арганізацыі незалежнага назіраньня на прэзыдэнцкіх выбарах.

Аштрафаваны быў на 1 мільён рублёў і кіраўнік грамадзкай арганізацыі Віктар Карніенка.

У пісьмовай пастанове судзьдзі, атрыманай “Грамадзянскімі ініцыятывамі”, была пералічаная тэхніка, якую належала бязвыплатна аддаць дзяржаве. Гэта 5 сыстэмных кампутарных блёкаў, 5 клявіятураў і 5 маніпулятараў “мыш”.

Пра далейшыя падзеі распавядае юрыст “Грамадзянскіх ініцыятываў” Леанід Судаленка.

(Судаленка: ) “Праз два тыдні пасьля таго, як пастанова набыла законную сілу, зь невядомай прычыны на адрас Віктара Карніенкі поштаю прыйшла новая пастанова суду, у якой было дабаўлена, што канфіскацыі падлягаюць таксама і 5 манітораў. Ва ўсім тэксьце згаданай пастановы ўтрымліваліся праўкі і дадаткі судзьдзі.

Паводле заканадаўства, любыя дапаўненьні могуць уносіцца толькі на падставе адмысловага паседжаньня з запрашэньнем зацікаўленых бакоў і вынясеньнем адпаведнага рашэньня. Аднак новага паседжаньня судзьдзя Ганна Новік не зьбірала. Яна наагул не прызнае за сабою якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў”.

Леанід Судаленка не выключае прыцягненьне судзьдзі да адказнасьці.

(Судаленка: ) “Крымінальны кодэкс прадугледжвае за падлог дакумэнтаў крымінальную адказнасьць. Мы пакуль напісалі скаргі на імя абласнога пракурора, управы і Міністэрства юстыцыі, старшыні Чыгуначнага суду Гомеля. На падставе іх адказаў будзем глядзець, наколькі мажліва прыцягнуць судзьдзю да адказнасьці за такія дзеяньні”.
XS
SM
MD
LG