Хойніцкія гаспадаркі, гэтаксама як і суседнія з Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў, што найбольш забруджаныя радыяцыяй пасьля чарнобыльскай катастрофы, даўно церпяць страты ў выніку традыцыйнага земляробства. Вырашчанае тут збожжа з прычыны высокага ўтрыманьня радыёнуклідаў стронцыю і цэзію ня можа ўжывацца на харчовыя мэты.
У забруджаных раёнах даўно насьпела маштабная пераспэцыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасьці. Яшчэ ў 1998-м годзе сам Аляксандар Лукашэнка, будучы ў Хойніках, загадваў вырошчваць тут 5000 тонаў насеньня збожжавых культураў. Не харчовага збожжа, а менавіта насеньня. На тое ёсць адпаведны пратакол.
Хойніцкія земляробы паслухаліся парады беларускага кіраўніка. Ужо ў 2000 годзе яны атрымалі 1500 тонаў насеннага ячменю, пшаніцы, аўса і жыта. Аднак насеньне аказалася нікому не патрэбным. Не забірае Мінсельгасхарч і 500 тонаў насеньня збожжавых культураў, вырашчанага летась.
Старшыня Хойніцкага райвыканкаму Мікалай Садчанка паведамляе пра незапатрабаванае насеньне наступнае:
(Садчанка: ) “Насеньне захоўваецца на камбікормавым заводзе ў Хойніках. Частка яго ляжыць у гаспадарках, на што ёсць адпаведныя распіскі. А мы можам кожны год прадаваць 5000 тонаў насеньня”.
Паводле даследаваньняў навукоўцаў, насеньневодзтва збожжавых культураў і траваў сапраўды можна разьвіваць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. У зьвязку з гэтым гаспадарнікі рэгіёну патрабуюць на пераспэцыялізацыю сельгасвытворчасьці звыш 6 мільярдаў рублёў. Аднак Камітэт у справах Чарнобылю пры Саўміне прадугледзеў на гэта толькі 50 мільёнаў.
І хаця даўно вырашчанае насеньне засталося не запатрабаваным, згодна з плянам аблвыканкаму хойніцкія гаспадаркі і сёлета мусяць атрымаць 29000 тонаў збожжа.