Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3700 СЕМ’ЯЎ ЖЫВУЦЬ У ЗАБРУДЖАНЫХ РЭГІЁНАХ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

У найбольш пацярпелым ад Чарнобылю Нараўлянскім раёне такіх параненых вёсак ажно 17, альбо палова ад усіх наяўных. Гэта — Нічыпараўка, Маскалёўка, Буда Красноўская, Смалегаў, Дзятлік ды іншыя. У пакінутых вёсках няма крамаў, шпіталяў, сюды ня ходзяць аўтобусы.

Распавядае старшыня Нараўлянскага райвыканкаму Валерый Шляга:

(Шляга: ) “Хто ня высяліўся і мае дзяцей, сам стаў імкнуцца выехаць куды-небудзь. Тыя, што засталіся, сталі цэлай праблемай з гледзішча сацыяльнай абароненасьці. Калі нават і ёсьць тут адзін-два працаздольныя, то ім няма дзе працаваць — у вёсцы няма ніякай вытворчасьці”.

Старшыня Камітэту ў чарнобыльскіх пытаньнях Уладзімер Цалка заяўляе, што ён асабіста ўносіў ва ўрад прапановы пра вырашэньне праблемы гэтых вёсак, але яны не былі прынятыя. Наагул, ні адна з прынятых праграмаў зьмяншэньня чарнобыльскіх наступстваў, паводле Уладзімера Цалкі, ня выкананая, паколькі фінансаваліся гэтыя праграмы ня болей як на 50%.

Сёлета таксама зь неабходных 212 мільярдаў рублёў на чарнобыльскія праблемы прадугледжваецца толькі 175 мільярдаў, альбо 82%. Аднак на бягучы квартал даюць усяго толькі 44% сродкаў.

У забруджаных зонах Гомельскай вобласьці, дакладней, там, дзе жыць нельга, застаюцца яшчэ амаль 3700 сем'яў. 2011 сем’яў, у многіх зь якіх малыя дзеці, у адмысловых заявах выказалі жаданьне пакінуць свае паселішчы, забруджаныя радыяцыяй.

Аднак пры цяперашніх маштабах будаўніцтва жыльля, калі за год будуецца крыху больш за 300 кватэраў, завяршыць вываз людзей з забруджаных тэрыторыяў наўрад ці ўдасца цягам бліжэйшага дзесяцігодзьдзя.
XS
SM
MD
LG