Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНЦАВІЦКАЕ АДДЗЯЛЕНЬНЕ “БРЭСТАБЛСАЮЗДРУКУ” АДМАЎЛЯЕЦЦА РАСПАЎСЮДЖВАЦЬ МЯСЦОВУЮ НЕЗАЛЕЖНУЮ ГАЗЭТУ


Алесь Горбач, Ганцавічы

Пра тое, што газэта "Спадарожнік" больш ня будзе распаўсюджвацца праз шапікі, рэдакцыі выданьня паведаміла ўчора начальнік Ганцавіцкага раённага аддзелу "Брэстаблсаюздруку" Надзея Монцік. Яна сама прынесла ў рэдакцыю ліст, у якім толькі паведамлялася пра адмову, аднак не называлася ніякіх прычынаў такога рашэньня.

Паводле неафіцыйных зьвестак, гэтае рашэньне зьявілася пасьля адмысловай нарады ў райвыканкаме. Сама Надзея Монцік сёньня на працягу дня адсутнічала на працоўным месцы, таму пачуць яе камэнтар вышэйзгаданага інцыдэнту не атрымалася.

Заснавальнік газэты "Спадарожнік" Уладзімер Янукевіч лічыць цалкам незаконнымі такія крокі "Саюздруку", паколькі на распаўсюд газэты была заключаная дамова, і няма ніякіх падставаў яе скасоўваць у аднабаковым парадку, тым больш што адсотак сьпісаньня нерэалізаваных асобнікаў заўсёды мізэрны.

Паводле спадара Янукевіча, яшчэ раней "Спадарожнік" забаранілі рэалізоўваць праз крамы, цяпер жа адбіраюць апошнюю магчымасьць выстаўляць газэту на свабодны продаж. На думку заснавальніка, гэта выклікана тым, што мясцовым уладам не падабаецца "Спадарожнік" як крыніца незалежнай і аб’ектыўнай інфармацыі. Да таго ж ён стаў ствараць сур’ёзную канкурэнцыю ганцавіцкай раёнцы.

Мірыцца з тым, што газэту нельга будзе рэалізоўваць праз шапікі "Саюздруку", Уладзімер Янукевіч не жадае, а таму мае намер зьвярнуцца ў суд.


XS
SM
MD
LG