Учора і сёньня гомельскія крамы праводзілі інвэнтарызацыю імпартных бытавых тавараў — лядоўняў, пыласосаў, пральных машын, а таксама замежных вінаў, гарэлкі, піва, цыгарэт. З улікам новага падатку на продаж кошты іх падвышаныя на 10%.
Як успрымаюць гараджане такое рашэньне мясцовых уладаў?
(Крамлёва: ) "Падаражаньне — гэта заўсёды кепска", — кажа гараджанка Тацяна Крамлёва.
Сярэдняга ўзросту жанчына, якая назвалася Натальляй Сьцяпанаўнай, зьвярнула ўвагу на такую акалічнасьць:
(Натальля Сьцяпанаўна: ) "У мяне двое дзяцей. Узрост — 25 і 22 гады. Наступае такая пара, што трэба жаніцца, замуж выходзіць. Як гэта маладым набыць хатнюю бытавую тэхніку? Толькі з дапамогай бацькоў. Значыць, сабе трэба ў чымсьці адмаўляць, а ім дапамагаць. А ў каго няма бацькоў, як такім жыць? Магчыма, таму і разводаў столькі, што эканамічна ўсё кепска".
У пэнсіянэркі Валянціны Мікалаеўны свой погляд на падвышэньні коштаў у крамах:
(Валянціна Мікалаеўна: ) "Мне ўсё роўна не купляць. Тэлевізар патрэбны, але за такія грошы я не магу яго купіць. Я не магу нават купіць сабе кавалак сьвініны за 4 тысячы. Альбо каўбасы. Каму гэтыя дарагія каўбасы наагул патрэбныя, я ня ведаю".
Падатак на продаж бярэцца паводле рашэньня аблсавету ня толькі з імпартных тавараў. 5% плацяць зараз гамельчукі і за большасьць айчынных вырабаў — за адзеньне і абутак для дарослых, наборы посуду, цукеркі, морапрадукты, тыя ж каўбасы, за выняткам толькі так званых “сырых” каўбас.
Зрэшты, ня ўсе гараджане скардзяцца на цяжкае жыццё. Пэнсіянэрка Надзея Хрысампаўна знайшла свой спосаб выжываньня:
(Надзея Хрысампаўна: ) "А, можна раз паесьці — і абыйдзецца. З голаду не памрэм".