Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ РАБОТНІК-БУДАЎНІК СУДЗІЦЦА З АДМІНІСТРАЦЫЯЙ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Аляксея Паўлоўскага звольнілі з працы пры канцы студзеня. Як ён паведаміў судзьдзі, за 24 гады працы ў трэсьце ён ня меў ніводнага дысцыплінарнага спагнаньня. Але ж пасьля таго, як ён стаў лідэрам суполкі Свабоднага прафсаюзу, на працягу году атрымаў аж чатыры.

Адміністрацыя нават абвінаваціла яго ў тым, што ён дрэнна кладзе пліткі, і вынесла заўвагу, якую ён патрабуе скасаваць. Менавіта гэты факт і стаў прадметам судовага разбору. У выпадку, калі суд задаволіць ягоны пазоў, у лідэра суполкі Свабоднага прафсаюзу зьявіцца магчымасьць вярнуцца на працу.

Адметна, што напярэдадні звальненьня ён патрабаваў узбуйненьня упраўленьняў трэсту і адстаўкі ягонага дырэктара Барыса Ваксмана. Адпаведны ліст, накіраваны ў гарвыканкам, падпісалі дзясяткі рабочых.

Дырэктар ужо пайшоў з пасады. Сёньня стала вядома пра зьмяншэньне колькасьці ўпраўленьняў, што мусіць прывесьці да скарачэньня каля ста чыноўнікаў, эканоміі службовага транспарту і офісных плошчаў.

Адказчыкі на працягу некалькіх гадзінаў даказвалі, што былы муляр парушыў будаўнічыя нормы і правілы. Спадар Паўлоўскі сьцьвярджаў, што адміністрацыя забясьпечвала рабочых няякаснымі інструмэнтамі і парушала тэхналёгію кладкі.

Паводле меркаваньня юрысконсульта Свабоднага прафсаюзу Аляксандра Каралёва, для вынясеньня аб’ектыўнага судовага рашэньня трэба зьвярнуцца ў тэхнагляд абласнога ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва і правесьці экспэртызу. Судзьдзя адмовіла у гэтай просьбе на той падставе, што час прайшоў і парушэньні выпраўленыя.

Аднак суд перанесьлі на пятніцу, бо ініцыятар пазову запатрабаваў, каб на яго запрасілі сьведкаў, ягоных былых калегаў і таго начальніка лябараторыі, які падпісваў пратакол пра парушэньні, а пасьля звольніўся.

Пасьля судовага паседжаньня я зьвярнуўся да Паўлоўскага з пытаньнем:

(Карэспандэнт: ) “Спадар Аляксей, чаго вы чакаеце ад рашэньня суду? Ці будзе яно, на ваш погляд, аб’ектыўным?”

(Паўлоўскі: ) “Я лічу, што рашэньне суду будзе неаб’ектыўным з той прычыны, што судзьдзя адразу заявіла, што на калідоры чакае ўся апазыцыя. Я ж ведаю, што судзьдзі назначаюцца прэзыдэнтам і выконваюць ягоную волю, а да апазыцыі наш суд вядома як ставіцца”.

XS
SM
MD
LG