Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШКЛОВЕ ЗА АБРАЗУ ПРЭЗЫДЭНТА СУДЗЯЦЬ АКТЫВІСТАЎ РУХУ “ЗУБР”


Аляксандар Сердзюкоў, Шклоў

На гэты раз суд цягнуўся менш за гадзіну. Як ужо ўчора паведамляла Радыё Свабода, Аляксандар Паўловіч, Міхаіл Кісялёў, Максім Патупчык, Дзяніс Сенакосаў і Зьміцер Сапажкоў трапілі ў лік падсудных пасьля арганізацыі пародыі на Лукашэнку. Летась у верасьні адзін зь іх прадстаўляў псыхічна хворага чалавека, а чатыры іншыя — санітараў, якія таго лавілі.

Як заявілі на судзе праваабаронцы, гэты спэктакль выклікаў лютасьць уладаў, бо ён адбыўвася ў краме вёскі Рыжкавічы саўгасу “Гарадзец”, дырэктарам якога быў першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь.

Аднак пракурор з прычыны адсутнасьці сведкаў ня можа даказаць віну адказчыкаў. Як і ўчора, сёньня на суд не зьявіліся міліцыянты, якія затрымлівалі юнакоў у краме. Таму судовае паседжаньне перанесьлі на 26 лютага.

Вось як раслумачыў прычыны зацягваньня тэрміну разгляду справы адзін з адказчыкаў, “зубровец” Максім Патупчык:

(Патупчык: ) “Сабралася шмат людзей, дэлегацыя з АБСЭ, дэпутаты Вярхоўнага Савету. І ўлады спужаліся, што могуць прайграць. І тым самым яны хочуць зацягнуць час, каб народ, карэспандэнты разьехаліся і нічога не надрукавалі. Гэтак яны нам хочуць зрабіць дрэнна”.
XS
SM
MD
LG