Выканаўца дырэктара дзяржаўнага гандлёвага прадпрыемства «Дзісна» (гэтак афіцыйна мянуецца наваполацкі рынак) Мікалай Алёхін быў затрыманы 12 лютага работнікамі мясцовага аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і ўзяты пад варту. Затрыманы абвінавачваецца па артыкуле 108-м Крымінальнага кодэксу — атрыманьне хабару. Пры гэтым работнікамі аддзелу выяўлена тры выпадкі атрыманьня хабару ў памерах ад 50-ці да 100 даляраў.
Чуткі пра тое, што выканаўца абавязкаў дырэктара рынку ня грэбуе бруднымі грашыма, хадзілі даўно, але толькі цяпер праваахоўчым органам удалося схапіць хабарніка за руку. Сёньня ў офісе дырэкцыі рынку адбыўся ператрус, а заўтра затрыманаму будзе прад’яўленае афіцыйнае абвінавачаньне.
Наваполацкія прадпрымальнікі, аднак, мяркуюць, што Мікалай Алёхін выйдзе сухім з вады. Па сьведчаньні старшыні тутэйшага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валера Шаўчэнкі, родным братам жонкі Мікалая Алёхіна зьяўляецца ні хто іншы, як міністар замежных справаў спадар Хвастоў, і гэта надае справе пэўную інтрыгу.