Вось што распавеў пра гэтыя дакумэнты супрацоўнік прэсавага цэнтра менскай абласной міліцыі Аляксандар Шынкевіч.
(Шынкевіч: ) "Службовае пасьведчаньне на імя Салаўёва, палкоўніка, намесьніка начальніка апэратыўнай управы службы казацкіх фармаваньняў Расейскай Федэрацыі і службовае пасьведчаньне на імя Качкурова, палкоўніка, паходнага атамана станіцы Філеўская. Гэта два розныя пасьведчаньні з адным і тым жа фотаздымкам".
Ён пацьвердзіў, што Салаўёў быў затрыманы і цяпер ідзе высьвятленьне сапраўднасьці гэтых дакумэнтаў. На кватэры, дзе знайшлі дакумэнты, таксама канфіскаваныя два пісталеты, стрэльба, шабля і пісталет-асадка.
Цяпер міліцыянты высьвятляюць, ці не належала Салаўёву гэтая зброя. Пра яго дадаткова паведамляецца, што ён нарадзіўся ў Маскве і быў двойчы асуджаны. Па якіх справах казацкі афіцэр прыяжджаў у Маладэчна пакуль невядома.
Сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец гэтак пракамэнтаваў актыўнасьць казацкіх фармаваньняў у Беларусі.
(Кавалец: ) "Я ведаю, што Лукашэнка вельмі моцна падтрымлівае казацкія фармаваньні і іхную дзейнасьць. Яны актыўна выкарыстоўваюцца ў Беларусі. Тым часам яны відавочна агітуюць за Расейскую імпэрыю, за манархію, у рэчышчы гэтага саюзу з Расеяй. Наколькі мне вядома, яны тут маюць офіс, дзейнічаюць легальна і безумоўна гэта немагчыма без падтрымкі ўладаў"
Спадар Кавалец зазначыў, што мясцовае казацтва ня мае гістарычных каранёў у Беларусі і не карыстаецца тут шырокай падтрымкай, а трымаецца на падтрымцы ў Расеі. Паводле спадара Кавальца, невыпадкова, што ў шэрагах казацкіх афіцэраў мог апынуцца звычайны крымінальнік, бо "туды ідзе самая розная публіка".