Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПОЛАЧЧЫНЕ РАСТУЦЬ ШЫХТЫ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Паказальнай у гэтым пляне выглядае сытуацыя на наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі, дзе за апошнія тры тыдні суполка Свабоднага прафсаюзу папоўнілася 50-цю новымі чальцамі.

Суполка была арганізаваная два гады таму і адразу ж выявіла актыўнасьць у пляне змаганьня за правы працоўных. Скажам, мінулым летам, калі пачаліся затрымкі з выплатай заробкаў і адпускных, яна зьвярнулася з патрабаваньнем выплаціць людзям заробленыя імі грошы непасрэдна ва ўрад.

Такая актыўная пазыцыя не засталася незаўважаная і сёньня, калі афіцыйныя прафсаюзы выглядаюць дэмаралізаванымі, а цеплаэлектрацэнтраль, па сьведчаньні ўладаў, мусібыць акцыянаваная, энэргетыкі бачаць сваіх абаронцаў менавіта ў асобе Свабодных прафсаюзаў. Зрэшты, дамо слова старшыні прафсуполкі Вадзіму Духаменку:

(Духаменка: ) «Практычна кожны дзень прымаем заявы аб прыёме ў нашую арганізацыю. І гэта зьвязана ня толькі зь ціскам уладаў на афіцыйны прафсаюз. Папросту людзі ўбачылі альтэрнатыву, убачылі прафсаюз, які спрабуе абараняць правы сваіх сябраў, які ня мае чынавенскай прафсаюзнай адміністрацыі і кіраўнікі якой стаяць ля станкоў і турбінаў. Наагул, толькі прафсаюз, створаны зьнізу, мае шанцы займець аўтарытэт сярод рабочых. Створаныя зьверху «зубатаўскія» прафсаюзы такіх шанцаў ня маюць, а таму за намі будучыня».

Дарэчы сказаць, у сытуацыі дзяржаўнага прэсынгу на прафсаюзы, Свабодны прафсаюз, што дзее на Полаччыне, заняў прынцыповую пазыцыю: нічога не прасіць ва ўладаў, а дамагацца сваіх правоў судовым парадкам. Так, сябры прафсаюзу адмовіліся ўдзельнічаць у гарадзкім прафсаюзным сходзе, што адбыўся днямі ў Наваполацку і дзе быў прыняты чарговы зварот да ўраду з просьбаю скасаваць пастанову, што забараняе безнаяўнае пералічэньне прафсаюзных складак.

Па сьведчаньні старшыні рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Ўладзімера Антановіча, пісаць падобныя чалабітныя няма сэнсу. Пагатоў, іх апошнім часам паслана ў Менск не адзін дзясятак; з просьбаю скасаваць згаданую пастанову зьвярнуўся нават кіраўнік абласной «вэртыкалі» спадар Андрэйчанка, але ў Менску на ўсе гэтыя звароты аніяк не рэагуюць.
XS
SM
MD
LG