Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА НАВАПОЛАЦКІ “ПАЛІМІР” БУДУЦЬ ЗМАГАЦЦА “ЛУКОЙЛ” ДЫ “ІТЭРА”, А ТАКСАМА “СЛАЎНАФТА” Й “СУРГУТНАФТАГАЗ”.


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

На вытворчым аб’яднаньні “Палімір” працуе звыш 6 тысяч чалавек, зношанасьць асноўных вытворчых фондаў на прадпрыемстве сягае 90%, а рэнтабэльнасьць на сёньня зьведзеная да нуля. Гэткія невясёлыя лічбы назваў, выступаючы перад удзельнікамі канфэрэнцыі генэральны дырэктар аб’яднаньня Аляксандар Бароўскі.

Асноўная праблема сёньня, па сьведчаньні генэральнага дырэктара — рэзкае зьніжэньне кошту поліэтылену на міжнародным рынку. Яшчэ пару гадоў таму кошт поліэтылену, які прадукуецца на прадпрыемстве, сягаў 900 даляраў, цяпер ён каштуе 560–580, прычым толькі за апошні месяц зьніжэньне склала 100 даляраў. Уратаваць вытворчасьць, на думку спадара Бароўскага, можа толькі адпаведнае зьніжэньне тарыфаў на электраэнэргію.

Зрэшты, пра згаданыя праблемы паліміраўцы ведалі і раней, а вось што станецца з прадпрыемствам і зь імі самімі пасьля правядзеньня акцыянаваньня, пра гэта ніхто нічога ня ведаў, а таму падчас выступу прэзыдэнта канцэрну “Белнафтахім” Івана Бамбізы ў залі стаяла мёртвая цішыня.

Як ня дзіўна, прэзыдэнт канцэрну казаў пра акцыянаваньня безь піетэту і наагул заявіў, што калі яно й не адбудзецца, прадпрыемствы ўсё адно будуць працаваць. Пры гэтым у якасьці прыкладу правядзеньня разьдзяржаўленьня буйных прадпрыемстваў Іван Бамбіза назваў суседнюю Польшчу.

Першае пытаньне, якое задалі кіраўніку канцэрну, гучала так: хто будзе браць удзел у акцыянаваньні “Паліміру”? У адказ было сказана, што за гэтае права змагаюцца два расейскія тандэмы: кампаніі “ЛУКойл” ды “Ітэра”, а таксама “Слаўнафта” й “Сургутнафтагаз”.

Наступным пытаньнем было: чаму акцыянаваньне прадпрыемстваў праводзіцца з такім спазьненьнем? Чаму яно не праводзілася пяць гадоў таму? Адказваючы на гэтае пытаньне, спадар Бамбіза заўважыў, што пяць гадоў таму расейскія нафтавыя кампаніі яшчэ не назапасілі патрэбных дзеля гэтага капіталаў.

Ну і, нарэшце, паліміраўцаў цікавіла: чаму сярод магчымых саўладальнікаў іхнага прадпрыемства няма заходніх фірмаў. У адказ спадар Бамбіза паведаміў, што такія фірмы ёсьць, але ён ня можа пакуль што іх назваць. Спадар Бамбіза паведаміў таксама, што 19 лютага кіраўнік дзяржавы зьбіраецца запрасіць да сябе прэзыдэнтаў згаданых расейскіх кампаніяў і, магчыма, пасьля гэтай сустрэчы ўдзельнікі акцыянаваньня будуць названыя.

Пры канцы дэлегаты канфэрэнцыі адзінагалосна прагаласавалі за акцыянаваньне свайго прадпрыемства. Вось што сказаў з гэтай нагоды адзін з дэлегатаў, сябар заводзкага Незалежнага прафсаюзу Ўладзімер Кунцэвіч:

(Кунцэвіч: ) “Калі зараз не правесьці акцыянаваньне і не пачаць рэканструкцыі асноўнай вытворчасьці, мы проста ляжам на дно. З усьведамленьнем гэтага работнікі “Паліміру” і прагаласавалі за акцыянаваньне”.

Сёньня ж канфэрэнцыя працоўнага калектыву з аналягічным парадкам дня прайшла і на вытворчым аб’яднаньні “Нафтан”.
XS
SM
MD
LG