Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КАМІНТЭРН” АПЫНУЎСЯ Ў ЦЯЖКІМ СТАНОВІШЧЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Камінтэрн” Вячаслаў Лягчылін адкрыта заяўляе, што адмова ангельскіх партнэраў прывяла да страты амаль 50 адсоткаў заказаў на выраб мужчынскіх строяў – асноўнай прадукцыі прадпрыемства, якое цяпер загружана прыкладна на дзве траціны ад наяўных магутнасьцяў. Дасягнуты раней сярэдні заробак, эквівалентны 100 далярам, зьнізіўся да 90.

Паводле словаў дырэктара, спыненьне партнэрскіх стасункаў ангельцы тлумачаць нежаданьнем надалей супрацоўнічаць з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасьці. “Камінтэрн” хаця і лічыцца акцыянэрным таварыствам, але пераважная большасьць акцыяў тут належыць дзяржаве.

У ліку іншых прычынаў называецца і падвышэньне заробкаў для калектыву. Узгадняючы з замежнікамі кошты на пашыў строяў, прамыслоўцы павінны думаць і пра выкананьне патрабаваньня кіраўніка дзяржавы любым шляхам павялічыць узровень заработнай платы. У сукупнасьці з дарагімі расейскімі энерганосьбітамі гэта падвышае сабекошт вырабаў і адштурхоўвае замежных партнэраў.

Што замежнікі надзвычай адчувальна рэагуюць на нязначнае падвышэньне кошту, пацьвярджае і намесьнік дырэктара ў справах камэрцыі Мазырскай швейнай фабрыкі “Надэкс” Мікалай Іваноў. “Надэкс” вырабляе мужчынскія кашулі і мае сталыя сувязі зь фірмамі Нямеччыны. Спадар Іваноў сказаў, што нават размова пра падвышэньне кошту вырабаў на 10-20 цэнтаў адразу ставіць пад пагрозу заключэньне кантракту. “Каб нават мінімальна падвысіць кошт, трэба ўнесьці нешта адмысловае ў якасьць і зьнешні выгляд вырабу”, – кажа намесЬнік дырэктара Мікалай Іваноў.

Цікаўлюся ў кіраўнікоў прадпрыемства, чаму яны не спрабуюць прадаваць свае строі на расейскім рынку, калі ангельцы адмаўляюцца ад супрацоўніцтва. На гэта галоўная інжынэрка “Камінтэрну” Валянціна Заранок паведаміла, што ў Расеі ўвесь гандаль прыватны, і прасунуцца туды ў чымсьці нават больш складана. Толькі каля 5% вырабаў “Камінтэрн” эскпартуе на расейскі рынак.

Беларускія ж мужчыны наагул абнаўляць свой гардэроб надзвычай рэдка.
XS
SM
MD
LG