Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КУРАПАТЫ Ў ЦЭНТРЫ ВІЦЕБСКУ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Усьпенская горка або проста Ўсьпенка — гістарычнае месца ў старым Віцебску. Сёньня тут у будынку XVIII-га стагодзьдзя (колішнім Палацы губэрнатара) месьціцца абласны Камітэт дзяржаўнае бясьпекі. А навокал яго падчас археалягічных раскопак ці іншага кшталту земляных работ штораз знаходзяць чалавечыя косткі.

Я размаўляю зь віцебскім археолягам Ігарам Цішкіным, які падчас сваіх навуковых досьледаў стаўся першаадкрывальнікам гэтых “віцебскіх Курапатаў”. Гаворыць Ігар Цішкін:

(Цішкін: ) “Упершыню косткі на Ўсьпенскай гары я заўважыў дзесьці ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Я тады быў супрацоўнікам краязнаўчага музэю, і падчас нейкіх земляных работ я падышоў да вырытай траншэі ды заўважыў там косткі. Гэта й была першая сустрэча”.

З тае пары Ігар Цішкін у часе сваіх навуковых досьледаў сустракаўся з чалавечымі пахаваньнямі на Ўсьпенскай горцы яшчэ колькі разоў. Ён жа запатрабаваў афіцыйнае мэдычнае экспэртызы гэтых парэштак.

(Цішкін: ) “Паколькі яшчэ сьвежымі былі ў памяці раскопкі ў Курапатах, матэрыялы па Курапатах Зянона Пазьняка, я таксама зьвярнуўся ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну з заявай па факце знаходкі вось гэтых чалавечых парэштак. Пракуратура прызначыла судова-мэдычную экспэртызу, прыслала экспэртаў, якія адабралі колькі касьцякоў дзеля гэтае экспэртызы”.

Вынікі экспэртызы былі цалкам нечаканыя: у дасланай афіцыйнай паперы было напісана, што знойдзеныя на Ўсьпенскай горцы косткі — косткі жывёлаў. Але менавіта чалавечыя косткі знаходзілі тут яшчэ некалькі разоў, і тады зьявілася вэрсія пра тое, што тут пахаваныя мірныя ахвяры фашызму…

Тым часам Ігар Цішкін працягваў пошукі інфармацыі пра пахаваных тут людзей, і аднойчы ва ўспамінах Юркі Віцьбіча знайшоў аповед пра масавыя зьнішчэньні вязьняў турмы НКВД, якая знаходзілася якраз на Ўсьпенскай горцы. Гэта здарылася напярэдадні фашыстаўскага наступу на Віцебск, калі пераводзіць ці перавозіць зьняволеных у нейкае іншае месца ўжо не было часу.

Дагэтуль няма аніякіх афіцыйных зьвестак пра пахаваньне на Ўсьпенскай гары. І дагэтуль на гэтым жалобным месцы няма ніякага памятнага знаку. Віцебскія ўлады практычна не заўважаюць наяўнасьць “Курапатаў” у цэнтры Віцебску.

Толькі на Дзяды сюды прыходзяць сябры апазыцыйных партыяў, каб запаліць сьвечкі на месцы пахаваньня сваіх невядомых землякоў.
XS
SM
MD
LG