Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОМ БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА Ў РАДАШКАВІЧАХ ПЕРАЎТВОРАНЫ Ў ГАРАЖ


Ігар Карней, Менск

Упершыню дом Тарашкевічаў я ўбачыў летась, калі рыхтаваў тут матэрыял з цыклю “Палітычная геаграфія”. І тады міжволі злавіў сябе на крамольнай думцы: мо было б лепей, каб дом гэты, як і бальшыня напамінаў пра слаўнае мінулае, не захаваўся? Тое, ува што пераўтварылі так і не рэалізаваны музэй няўдзячныя нашчадкі, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Напаўразбураны, з выбітымі шыбамі на гарышчы, яшчэ сьвежыя пні ў два абхваты ад велічных ліпаў; адна палова дому наогул пераабсталяваная пад гараж. Сумнае відовішча, словам.

Якраз насупраць гэтага помніка нядбайнасьці, літаральна акно ў акно, жыве падчарка Браніслава Тарашкевіча — Ірына Ніжанкоўская. Тры гады таму яна пахавала маці, жонку Тарашкевіча, Веру Андрэеўну Сьнітку. Патомная памешчыца, дачка знакамітага археоляга Андрэя Сьніткі, яна пражыла доўгае і цяжкае жыцьцё і шкадавала толькі пра адно — што так і не атрымалася вярнуць да жыцьця сьведчаньне былой славы дому Тарашкевічаў. Гледзячы на былое радавое гняздо, спадарыня Ніжанкоўская толькі й кажа: добра, што мама гэтага ўжо ня бачыць.

(Ніжанкоўская: ) “Была пастанова стварыць музэй. Зьвярталіся тады яшчэ ў Вярхоўны Савет БССР, Таразевічу пісалі. Потым пастанова мясцовая была, Літаратурны музэй займаўся гэтай справаю. Нават пачалі рабіць праект рэстаўрацыі будынкаў, абмяралі іх, сродкі былі выдаткаваныя. Плянавалася, што гэта будзе музэй-сядзіба ўсёй Заходняй Беларусі, бо вельмі актыўны ў Радашкавічах быў нацыянальны рух.

Побач з Радашкавічамі, у Максімаўцы, нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, і Аляксандар Уласаў адсюль, і Беларуская гімназія тут была. Сапраўдны беларускі асяродак. Так што матэрыялаў можна было назьбіраць шмат. Ну, але на паўдарозе ўсё кінулі...”

Сям’ю Тарашкевічаў адсялілі зь іхнага дому у 1939 годзе, праз два гады пасьля арышту гаспадара. Напрыканцы 1939-га расстралялі й самога Тарашкевіча. Ужо на чацьверты дзень вайны, калі ад савецкіх бамбаваньняў палала большая частка Радашкавічаў, згарэлі ўсе сямейныя архівы. У тым жа 1941-м гіне іхны сын — Радзіслаў Тарашкевіч.

Застаўшыся адна, Вера Андрэеўна бярэцца шлюбам з чырвоным афіцэрам Уладзіславам Ніжанкоўскім. Праз колькі часу ён будзе забіты на вайне. Так што дачка Ірына ад тае пары ведае бацьку толькі па фотаздымках. Ужо пасьля вайны асірацелая сям’я пераяжджае бліжэй да дому, дзе прайшлі найлепшыя часы маладога жыцьця. Цяпер Ірына Ніжанкоўская кажа, што маці потым моцна шкадавала: гэты дом штодня нагадваў пра мінулае. Нават нягледзячы на тое, што адмысловым загадам быў цалкам перапрафіляваны і тут быў разьмешчаны шпіталь.

(Ніжанкоўская: ) “Як тут быў шпіталь, дык будынкі больш-менш захоўваліся. А каля 1990-га выселілі, і будынак стаяў пусты. Там усе лазілі, бо заставаўся рэнтгенкабінэт; разьбіралі апарат па частках. Толькі праз год шпіталь схамянуўся. Тады мама і кажа мэру: вы б часова, пакуль справа да музэя, каго-небудзь часова пасялілі. Ну ён і пасяліў. Кабета працавала тут адвакатам, зараз жыве ў Маладэчне. Цяпер у хаце застаўся толькі ейны сын. Ён у хаце зрабіў гараж. Ліпа прыгожая перад домам расла, ён кажа: во, паваліцца на хату, усё разбурыць (хоць яму галоўнае, каб машына магла вольна езьдзіць). Сьпілаваў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ён усьведамляе, у якім доме жыве?”

(Ніжанкоўская: ) “Ну, ён як быццам лічыцца са мной. Загадзя сказаў, што будзе пілаваць гэтую ліпу. Я ў адказ: каб такое старое вялікае дрэва пілаваць, дык трэба згода мэра. Ну дык ён прывёз мэра, а той і сказаў: пілуй. Я толькі й цешуся, што мама ўжо гэтага нічога ня бачыць”.

Запытваю ў Ірыны Ніжанкоўскай, ці бывае ў Радашкавічах нехта са сваякоў Тарашкевіча? Паводле біяграфічных зьвестак, у Браніслава Тарашкевіча былі два браты й сястра. Спадарыня Ніжанкоўская кажа, што ў Вільні сапраўды жывуць некалькі сваякоў, а адна пляменьніца (мажліва, яна зараз у Польшчы) нават ліставалася зь дзядзькам, калі той сядзеў у турме. Але чаго больш акрэсьленага пра лёс родзічаў не вядома.

Напрыканцы пытаюся: ці шмат хто азваўся на нядаўні юбілей Тарашкевіча?

(Ніжанкоўская: ) “У мяне гасьцей асабіста не было, ніякіх захадаў ніхто не рабіў, ніхто не ўзгадаў. Улады таксама пра юбілей не ўспомнілі. Толькі вось бібліятэка нашая невялікую экспазыцыю зрабіла, школьнікаў туды запрасілі, ды вось у школе-інтэрнаце просяць выступіць. Бо ў мяне ж багата маміных успамінаў”.

(Карэспандэнт: ) “Крыўдна вам, што юбілей Тарашкевіча прайшоў неяк не заўважна?”

(Ніжанкоўская: ) “Канечне, бо ні ўлады (ні мясцовыя, ні вышэйшыя), ніхто пра юбілей ня ўспомніў. Натуральна, крыўдна. Усё ж — такі чалавек! На вечарыне ў Менску таксама ўсе пра гэта гаварылі. Нейкія камісіі павінны памятаць, у каго калі юбілей”.

Зараз Радашкавічы — глыбокая правінцыя, дзе нічога не нагадвае пра бурнае нацыянальнае жыцьцё ўзору да 1939 году. І спадзявацца на перамены могуць хіба адчайныя аптымісты.
XS
SM
MD
LG