Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЎВОДЗЯЦЬ ТАКСУ ЗА ПЕРАЕЗД МЯЖЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сэсія Ельскага райсавету ўстанавіла, што падаткі пры перасячэньні мяжы павінны плаціць ня толькі замежнікі, але і грамадзяне Беларусі, калі яны вяртаюцца з Украіны дамоў на ўласных аўтамашынах. За легкавік прадугледжаны збор 5 даляраў ЗША, за мікрааўтобус — 10, грузавік — 15 даляраў.

Але, як паведаміла загадчыца фінансавага аддзелу Ельскага райвыканкаму Валянціна Сьмяюн, рэальна на мяжы пакуль не сабралі ні цэнта. І не таму, што празь беларуска-ўкраінскую мяжу едуць толькі льготнікі — вэтэраны, дыпляматы, культурніцкія дэлегацыі, якім паводле рашэньня сэсіі райсавету ня трэба плаціць згаданы збор. Справа ў іншым.

Памежнікі кантрольна-прапускнога пункту “Новая Рудня” не жадаюць бачыць на сваёй тэрыторыі мясцовых зборшчыкаў падаткаў. Ня хочуць яны выконваць і функцыі кантралёраў мясцовых збораў. Загадчыца райфінаддзелу спадарыня Сьмяюн даслала сёньня камандзіру Гомельскага памежнага атраду палкоўніку Бутранцу, якому падначаленыя ельскія ахоўнікі мяжы, адмысловы ліст. У ім фінаддзел патрабуе зьмяніць стаўленьне да мясцовых збораў.

Не знаходзіць пакуль паразуменьня з памежнікамі ды мытнікамі й Гомельскі райвыканкам, хаця на падставе рашэннья сэсіі райсавету і ён павінен браць плату з замежнікаў на пункце пропуску “Новая Гута”.

У сваю чаргу камандзір памежнага атраду палкоўнік Бутранец зважае на тое, што закон пра мяжу не надзяляе ейных ахоўнікаў нейкімі кантрольнымі функцыямі ў зборы падаткаў. Няма на гэты конт і распараджэньня Дзяржкамітэту памежных войскаў краіны. Да таго ж мясцовыя зборы выклікаюць непаразуменьне ў тых, хто перасякае мяжу. Канфлікты, як мяркуе спадар Бутранец, адмоўна адаб’юцца на прэстыжы беларускіх памежнікаў. Будзе значна лепей, калі мясцовыя органы створаць асобныя пункты збору сродкаў.

Дарэчы, такім чынам паступілі ў Брагінскім раёне. Тут, паводле інфармацыі загадчыка райфінаддзелу Міхаіла Залугоўскага, зборы з замежнікаў пры перасячэньні мяжы на ўласным транспарце даручылі супрацоўнікам банку і мясцовага райаддзелу міліцыі. Беларускія грамадзяне ад збору наогул вызваленыя.

У Добрускім і Нараўлянскім раёнах, што таксама мяжуюць з Украінай, мясцовыя зборы пакуль не ўстанаўлівалі. І гэта нягледзячы на тое, што суседняя Ўкраіна зьбірае такія падаткі ўжо трэці год запар.
XS
SM
MD
LG