Прадстаўніцтва на зьезьдзе мелі 12 арганізацыяў ды ініцыятываў усходняй часткі Гарадзеншчыны. Удзельнікі абмеркавалі, як ім надалей узаемадзейнічаць. Яны прынялі праграму, распрацаваную Беларускім аб’яднаньнем маладых палітыкаў і Моладзьдзю Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А мэты такія: пашыраць грамадзянскую актыўнасьць, імкнуцца вырашаць мясцовыя праблемы. Адна з праграмных мэтаў — спрыяньне дэмакратызацыі жыцьця ў Беларусі.
На зьезьдзе створаная працоўная група. Яе задача — падрыхтаваць умовы для стварэньня рэгіянальнага моладзевага парлямэнту. Адзін зь яе сябраў — Пётар Явідовіч з Ашмянаў — паведаміў мне наступнае. Спачатку мяркуецца склікаць канфэрэнцыю, якая прыме рашэньне стварыць такі грамадзкі парлямэнт. Яго мэта — спрыяць вырашэньню мясцовых праблемаў. Парлямэнцкія камісіі зоймуцца падрыхтоўкай канкрэтных прапановаў для раённых уладаў.
Такі моладзевы парлямэнт патрэбны як форма разьвіцьця мясцовага самакіраваньня, — сказаў мне Пётар Явідовіч. Ініцыятывай ужо зацікавілася моладзь зь яшчэ аднаго раёну вобласьці, Іўеўскага.