На сёньняшні дзень 370 суб'ектаў гаспадараньня ня могуць выплаціць сваім працаўнікам заработную плату. Асабліва вялікія даўгі ў сельскай гаспадарцы. Яны перавысілі пяць з паловай мільярдаў рублёў.
Ня ў стане разьлічыцца з рабочымі і 38 прамысловых прадпрыемстваў. Прычым многія зь іх ня выплацілі яшчэ і верасьнёўскіх заробкаў.
Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што банкі адмаўляюцца выдаваць прадпрыемствам чарговыя фінансавыя крэдыты. Заводы ўжо бралі ў банкаў грошы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і да гэтага часу не вярнулі.
Да прыкладу, завод пускавых рухавікоў вінен банку ажно 3 крэдыты на агульную суму 123 мільёны рублёў. Гэта перавышае ў паўтара раза ягоны трохмесячны доўг перад калектывам па заробку, які складае зараз 87 з паловай мільёнаў рублёў.
Па два крэдыты вінны банку радыёзавод, акцыянэрнае таварыства "Гомельпласт", завод гандлёвага абсталяваньня ды шэраг іншых.
На радыёзаводзе наогул склалася крытычная сытуацыя. Прадпрыемства завінавацілася банку 289 мільёнаў рублёў. Яшчэ 322 мільёны склала нявыплата заробку за верасень, кастрычнік і лістапад. Высокія даўгі тут і за энэрганосьбіты. З наступленьнем моцных маразоў рабочыя некаторых цэхаў стыхійна кідаюць працу і распальваюць кастры, каб хоць неяк сагрэцца.
Прафсаюзны камітэт, які ўзначальвае Васіль Сьцепанцоў, узьнімае пытаньне пра недавер кіраўніцтву радыёзаводу.
Апошнім часам крэдытаў на выплату заробку запатрабавала й найбуйнейшае ў краіне мэблевае аб'яднанне "Гомельдрэў".
Сёньня ж на шляху ва ўкраінскі горад Чарнігаў, дзе адбудзецца беларуска-ўкраінская ўрадавая сустрэча, прэм'ер-міністар Генадзь Навіцкі выслухаў прапановы абласных "вэртыкальных" кіраўнікоў пра неабходнасьць атрыманьня крэдытаў на выплату заробку.