Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕДКА ФАЛЬСЫФІКАЦЫЙ КАМПЭНСАЦЫІ НЕ АТРЫМАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёлета ў сакавiку Рыгор Варвашэвiч назiраў за паўторнымi выбарамi ў "палату прадстаўнiкоў" на ўчастку №25. Падчас датэрмiновага галасаваньня спадар Варвашэвiч быў сьведкам таго, як скрыню для галасаваньня вынесьлi з памяшканьня камiсii ў iнтэрнат берасьцейскага заводу "Цьветатрон". Гэтымi дзеяньнямi старшыня камicii Ларыса Мажайская груба парушыла выбарчае заканадаўства, якое забараняе праводзiць датэрмiновае галасаваньне па-за межамi выбарчага ўчастку.

Назiральнiк спрабаваў не дапусьцiць парушэньня закону, але пасьля звароту спадарынi Мажайскай да мiлiцыянтаў апынуўся ў пастарунку. Пазьней высьветлiлася, што адмiнiстрацыйную справу на Рыгора Варвашэвiча згубілі, а старшыня камiсii атрымала афiцыйнае папярэджаньне ад пракурора за парушэньне выбарчага заканадаўства.

Гэта i перадвызначыла наступныя дзеяньнi Рыгора Варвашэвiча. Ён запатрабаваў кампэнсаваць маральныя страты, якія нанесьлі яму спадарыня Мажайская i супрацоўнiкi мiлiцыi агулам на 550 тысяч рублёў. Падчас судовага паседжаньня cпадар Варвашэвiч паведамiў, што лiчыць абразай распаўсюджаныя пра яго зьвесткi ў заяве ў мiлiцыю.

У гэтай заяве Ларыса Мажайская сьцьвярджала, што Рыгор Варвашэвiч валодае "ненармальнымi маральна-псыхiчнымi якасьцямi". Што да мiлiцыянтаў, iх спадар Варвашэвiч абвiнавацiў у неабгрунтаваным затрыманьнi, якое адбывалася на вачах у ягоных калегаў — рабочых заводу "Цьветатрон".

Разгляд гэтай справы працягваўся больш за тры месяцы i ўрэшце сёньня судзьдзя Iна Клышпач абвесьцiла, што пазоў ня можа быць задаволены. Судзьдзя паведамiла, што яна не атрымала доказаў таго, што Рыгор Варвашэвiч сапраўды меў маральныя страты.

На думку берасьцейскiх назiральнiкаў ад праваабарончага цэнтру "Вясна", судзьдзя выканала загад мясцовай вэртыкалi, якая спрабуе схаваць ад грамадзкасьцi зьвесткi пра сапраўдныя памеры фальсыфiкацыяў падчас выбарчай кампанii.
XS
SM
MD
LG