Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ АДБЫЎСЯ ПІКЕТ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАЎ У АБАРОНУ НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЭТЫ “БРЕСТСКИЙ КУРЬЕР”


Алег Супрунюк, Берасьце

Нагодай для пiкету былi падзеi, якi здарылiся ў пачатку лiстапада, калi Берасьцейская друкарня адмовiлася выпускаць чарговы нумар незалежнай газэты "Брестский курьер". Тады рэдакцыя вымушана была надрукаваць нумар у Смаленску.

Берасьцейскiя сацыял-дэмакраты зьвярнулiся ў гарвыканкам з просьбай дазволiць правядзеньне пiкету ў падтрымку незалежнай газэты ў цэнтры Берасьця. Але мясцовая "вэртыкаль" адмовiлася гэта рабiць. За подпiсам намесьнiка старшынi гарвыканкаму Вячаслава Хафiзава быў атрыманы лiст, у якiм ён прапануе ладзiць акцыю на уcкрайку гораду – на стадыёне "Будаўнiк".

Гаворыць кiраўнiк абласной арганiзацыi БСДП (Народная Грамада) Анатоль Ляўковiч:

(Ляўковiч:) "Сытуацыя вельмi цiкавая. Стадыён "Будаўнiк" – гэта як плошча Бангалёр у Менску, дзе выгульваюць сабак. Але мы пайшлi сюды, каб падкрэсьлiць гэтую недарэчнасьць. Можа ў наступны раз спадар Хафiзаў падпiша дазвол на правядзеньне пiкету ў якой-небудзь гарадзкой прыбiральнi. Сытуацыя даведзена да абсурду".

Удзельнiкi пiкету трымалi ў руках партыйныя сьцягi, плякаты ў падтрымку рэдакцыi газэты "Брестский курьер" i свабоды слова на Беларусi. Мiлiцыянты не перашкаджалi правядзеньню акцыi. Заўтра аналягiчны пiкет плянуюць правесьцi i берасьцейскiя сябры Беларускага Гельсынкскага камiтэту.

XS
SM
MD
LG