Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ЎДЗЕЛ У АКЦЫІ Ў ПАДТРЫМКУ СВАЁЙ ГАЗЭТЫ Ў ГОРАДНІ БУДУЦЬ СУДЗІЦЬ ТРОХ ЖУРНАЛІСТАЎ “ПАГОНІ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Акцыя працягвалася гадзіну. Удзельнікі сабраліся а палове першай. Міліцыя фільмавала акцыю, але не перашкаджала. Гаворыць адзін з удзельнікаў Анджэй Кусяльчук, былы галоўны рэдактар газэты Glos znad Niemna:

(Кусяльчук: ) “Як былы журналіст лічу, што ў нашай краіне ўлады вядуць ціск на незалежную прэсу. І якраз “Пагоня” была адной зь нямногіх газэт, якая была сапраўды незалежнай, якая гаварыла, пісала сваім голасам. І я мяркую, што да нас павінны далучыцца як мага больш людзей, каб улады адчулі моц як незалежнай прэсы, таксама і людзей, якія за гэтую незалежную прэсу будуць стаяць да канца”.

Да галоўнага рэдактара "Пагоні" Міколы Маркевіча падыйшло міліцэйскае начальства, патрабуючы ад яго тлумачэньняў. Гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Яны адразу у вышэйшым гаспадарчым судзе разгледзелі гэтае пытаньне. Ня даўшы нават магчымасьці да абскарджаньня. За пяць дзён да таго, як да гэтага суда ніякіх падставаў не магло быць ужо. Кожны тут прыйшоў па закліку сэрца, што называецца. Ён пастаіць столькі, колькі лічыць патрэбным.

Падтрымаць журналістаў "Пагоні" прыйшлі людзі рознага веку. Гаворыць пэнсіянэр Леанід Закурдаеў:

(Закурдаеў: ) “Чаму нам забараняюць чытаць тое, што мы хочам чытаць, што мы разумеем? Чаму нам навязваюць чытаць тое, што мы ня хочам?”

Гэта былі рытарычныя пытаньні чытача "Пагоні" Леаніда Закурдаева.

Начальнік Ленінскага райаддзелу міліцыі Ўладзімер Сычэўскі зьдзівіў прысутных добрым валоданьнем беларускай мовай. Аднак ён запрасіў пасьля акцыі галоўнага рэдактара, а таксама журналістаў Анджэя Пісальніка і Паўла Мажэйку для разьбіральніцтва. У міліцыі на ўсіх траіх склалі пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным пікеце. Заўтра раніцай адбудзецца суд над двума журналістамі. А над Міколам Маркевічам – у іншы дзень.


XS
SM
MD
LG