Паводле інфармацыі старшыні прафкаму заводу пускавых рухавікоў Аляксандра Кізёва, абурэньне калектыву выклікаюць найперш працяглыя нявыплаты заробку. Толькі нядаўна, пасьля прынятага звароту да Аляксандра Лукашэнкі, да кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага, а таксама да Фэдэрацыі прафсаюзаў і Гомельскага аблвыканкаму, адміністрацыя прадпрыемства змагла разьлічыцца з рабочымі за жнівень.
У той жа час запазычанасьць за верасень складае 75 мільёнаў рублёў. Праз два дні дырэкцыя ўжо павінна выплачваць заробак і за кастрычнік, што цалкам нерэальна. У людзей болей няма цярпеньня чакаць. Яны ня могуць як сьлед карміць дзяцей, ня могуць купіць ім да зімы цёплую вопратку.
Трывожыць калектыў і тое, што з прыходам на завод дырэктара Міхаіла Кандраценкі адміністрацыя не шукае годнага выйсьця зь фінансавага крызысу, а ідзе шляхам найменшага супраціву. Рыхтуецца чарговае звальненьне яшчэ 100 працоўных, што складае 10% ад агульнай колькасьці. Прычым адміністрацыя пайшла на хітрыкі.
Карыстаючыся артыкулам 32-м Працоўнага кодэксу пра мажлівасьць пераводу рабочых на аплату на палову стаўкі ў сувязі з цяжкім эканамічным станам, адміністрацыя вымушае людзей звальняцца нібыта паводле асабістага жаданьня. У гэткім выпадку людзі ня маюць права нават на атрыманьне 3-месячнай грашовай кампэнсацыі.
Менавіта гэтае пытаньне, а таксама праблема з выплатамі заробку сталіся прадметам сёньняшніх перамоваў адміністрацыі з прафкамам пры ўдзеле вялікай колькасьці рабочых.
Працоўныя настойваюць на прыезьдзе кампэтэнтнай камісіі, якая б разабралася, чаму пры росьце аб'ёмаў вытворчасьці завод патрапіў у такое цяжкое фінансавае становішча. Інакш калектыву не застаецца нічога іншага як адстойваць свае законныя патрабаваньні праз масавыя акцыі пратэсту. Ва ўсялякім разе, гэтак сказана ў звароце калектыву заводу пускавых рухавікоў да найвышэйшых дзяржаўных асобаў.