Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКАЕ АБ’ЯДНАНЬНЕ “КРЫШТАЛЬ” СПЫНІЛА ВЫПУСК ДЫЯМЭНТАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

У вытворчых цэхах аб'яднаньня пануе цішыня, 570 рабочых пазбаўленыя працы. Аграншчыкі алмазаў закансэрвавалі сваё абсталяваньне да лепшых часоў. Упершыню завод ня змог выплаціць калектыву заробку яшчэ за верасень, ня можа ён разьлічыцца і за энэрганосьбіты.

Прадпрыемства ня мае сыравіны, каб працягваць працу — няма прыродных алмазаў, якія Беларусь купляе найперш у сваёй саюзьніцы Расеі. Пастаўка алмазаў з саюзнай дзяржавы апошнія гады стабільнасьцю не вызначалася.

Перамены да лепшага, здавалася, акрэсьліліся сёлета ў траўні. У Маскве было падпісанае пагадненьне паміж беларускім і расейскім урадамі адносна штогадовых паставак "Крышталю" 100 тысяч каратаў алмазнай сыравіны. Спадзяваньні аднак засталіся марнымі — да сёньняшняга дня ніводнага карата алмазаў для вырабу дыямэнтаў з Расеі ў Гомель так і не паступіла.

Распавядае генэральны дырэктар "Крышталю" Аляксандар Старавойтаў:

(Старавойтаў: ) "Урадавае пагадненьне не спрацавала, бо з расейскага боку выканаўцам яго выступае акцыянэрная кампанія "АЛРОСА". Гэта недзяржаўная кампанія, хаця і з доляй дзяржаўнай уласнасьці. Палітычных мэтаў яна ня ставіць — дбае пра камэрцыйныя выгады.

Пагадненьне прадугледжвае, што алмазы ў Беларусь, як і ў любую краіну сьвету, павінны накіроўвацца без падатку на даданую вартасьць. Аднак кампанія вымушаная плаціць такі падатак за нас у расейскі бюджэт. Гэта для яе стратна. І ніякія валявыя рашэньні ня вымусяць кампанію пастаўляць у Беларусь алмазную сыравіну, пакуль ёй ня будзе кампэнсаваны згаданы падатак", — лічыць дырэктар Старавойтаў.

Аднак і гэта яшчэ ня ўсё. Напрыканцы жніўня Дзяржаўны мытны камітэт Расеі адмысловым загадам увёў дадатковыя патрабаваньні афармленьня каштоўных мэталаў і камянёў, якія ўвозяцца ў Беларусь і вывозяцца зь Беларусі ў Расею. Гэта зрабіла немагчымым апрацоўку на гомельскім "Крышталі" і так званай давальніцкай алмазнай сыравіны.

Пра складанасьці выкананьня міжурадавага пагадненьня ў забесьпячэньні "Крышталя" расейскай сыравінай дырэктар Старавойтаў дакладаў Аляксандру Лукашэнку падчас ягонага нядаўняга візыту ў абласны цэнтар. Апошні адказаў, што сыравіна — гэта справа дырэктара, а не кіраўніка дзяржавы.

Ня можа купляць "Крышталь" алмазную сыравіну і ў далёкім замежжы. Дзяржаўнае рэгуляваньне алмазаапрацоўкі палохае замежных пастаўшчыкоў. Ня стала мець справу з заводам нават памяркоўная бэльгійская кампанія "Далі Даймонд".
XS
SM
MD
LG