Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДЗЯДЫ АРШАНЦЫ ПА ТРАДЫЦЫІ ХОДЗЯЦЬ ДА КАБЫЛЯЦКАЙ ГАРЫ


Браніслава Станкевіч, Ворша

А другой гадзіне аршанскія сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ,
сябры Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Ул. Караткевіча, а таксама вернікі з каталіцкае парафіі сабраліся разам на ўзьлесьсі каля бліжэйшае ад Воршы вёскі Андрэеўшчына ды рушылі да ўрочышча Кабыляцкая гара. Паводле ўспамінаў тамтэйшых жыхароў ды краязнаўчых досьледаў, у гэтых мясьцінах знаходзіцца масавае пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, растраляных у 30-я гады. І ўжо колькі год запар традыцыя наведваць гэтае месца падчас восеньскіх Дзядоў жыве ў асяродку аршанскіх апазыцыянэраў.

Прадстаўнікі дзяржаўных уладаў калісьці таксама шанавалі памяць палеглых тут землякоў. Сьведчаньнем гэтага застаўся вялікі помнік-камень на лясным ускрайку, усталяваны паводле загаду гарвыканкаму яшчэ ў 92-м годзе. Апошнія ж 7 год прадстаўнікі ўладаў тут не зьяўляліся. Шыльда з каляровага мэталу, замацаваная калісьці на камяні, даўно ўжо зьнікла, і памятны надпіс пра тутэйшыя трагічныя падзеі давялося ўзнаўляць таксама сябрам Беларускага Народнага Фронту.

Сёлета да памятнага камяня ізноў прынесьлі кветкі ды запаленыя сьвечкі. Жалобную імшу па загіблых на Кабыляцкай гары адслужыў ксёндз Яраслаў Хыбза з касьцёлу сьв.Язэпа. А паэтка Яўгенія Казлова прачытала некалькі апошніх сваіх вершаў пра тое , што ўсе мы атрымалі ў спадчыну ад сваіх дзядоў і што мусім годна пранесьці праз усё жыцьцё -- родную мову, неўміручую памяць ды любоў да Радзімы.
XS
SM
MD
LG