Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯДЫ Ў ГОРАДНІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Раніцай актывісты наведалі старыя каталіцкія, вайсковыя і агульнагарадзкія могілкі. Увечары група з трыццаці чалавек, пераважна моладзь, накіравалася да памятных мясьцінаў гораду. Спачатку яны запалілі два зьнічы – белы і чырвоны каля помніка Адаму Міцкевічу, які знаходзіцца перад будынкам Саюзу палякаў. Некалькі словаў пра паэта сказаў старшыня гарадзкой Рады БНФ Сяргей Мальчык.

Потым удзельнікі акцыі накіраваліся на вуліцу 1-га Мая, дзе паклалі кветкі да мэмарыяльных шыльдаў Рыгора Шырмы і Максіма Багдановіча. Затым ушанавалі памяць Элізы Ажэшкі і Янкі Купалы. Іхныя бюсты знаходзяцца на вуліцы, названай імем гэтай польскай пісьменьніцы. Апошнім пунктам стала мэмарыяльная шыльда, прысьвечаная паўстанцам Кастуся Каліноўскага. Яна знаходзіцца на будынку чыгуначнага вакзалу.

Год таму міліцыя ўчыніла жорсткую акцыю на Дзяды. Больш за дваццаць удзельнікаў ушанаваньня памяці продкаў былі схоплены каля помніка Янкі Купалы і дастаўленыя ў міліцыю. У акцыі ўдзельнічалі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў. Сёлета нічога падобнага не адбылося.
XS
SM
MD
LG