Пракурор Віктар Будкоў распавёў, што расьсьледаваньне крымінальнай справы Натальлі Брэль фактычна завершанае. Аднак накіраваць яе ў суд пракуратура ня можа, бо на гэта няма згоды "зьверху" — непасрэдна ад пацярпелага, якім зьяўляецца кіраўнік дзяржавы.
Калі й хто пазнаёміць высокую асобу з тым, што адбылося ў Рэчыцы, спадару Будкову невядома, хаця ён кажа, што інфармацыя пра крымінальную справу даўно накіраваная ў сталіцу.
У пастанове старшага сьледчага пракуратуры Юрыя Дзям'янчыка прыцягнуць Натальлю Брэль як абвінавачаную, сказана, што яна ды невядомыя асобы на дзень народзінаў Аляксандра Лукашэнкі сабралі й запакавалі віншавальную скрынку з прадметамі й матэрыяламі, якія "прыніжаюць гонар і годнасць прэзыдэнта ў непрыстойнай форме".
Пакунак да Аляксандра Лукашэнкі не дайшоў. Яго перадалі загадчыку арганізацыйнага аддзелу гарвыканкаму Ўладзімеру Вядзьгуну з просьбай накіраваць адрасату. Аднак спадар Вядзьгун адкрыў скрынку сам. У ёй былі шнур для сушкі бялізны, завязаны ў пятлёй, зубная паста, аловак, лінарка з адмысловым надпісам ды іншыя дробныя рэчы, сабраныя і падпісаныя менавіта рэчычанамі.
І хаця Натальля Брэль толькі перадала згаданыя рэчы ў выканкам, гэта стала падставай для крымінальнага перасьледу з боку пракуратуры. Дзяўчыну арыштоўвалі на трое сутак, а пасьля ўзялі падпіску пра нявыезд.
Цяпер пракурор Будкоў у чаканьні каманды вымушаны падоўжыць тэрмін расьсьледаваньня гэтай крымінальнай справы.