Перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі ў горадзе прыбіралі апалую восеньскую лістоту і ненадзейных мінакоў. Васьмярых юнакоў міліцыянты затрымалі на праспэкце Леніна каля аблвыканкаму. Першымі незадоўга да прыезду сюды важнага госьця схапілі непаўнагадовых Дзяніса Чыкалева і Юрася Васілюка.
На Дзянісу была адмысловая майка з надпісам "Малады Фронт" і выявай кулака. Гэта не спадабалася міліцыянтам і шматлікай ахове ў цывільным. Хлопцаў завезьлі ў Цэнтральны пастарунак.
Сам Аляксандар Лукашэнка ў гэты час знаходзіўся ў акцыянэрным таварыстве "Гомельбудматэрыялы" — вывучаў мажлівасьці зьніжэньня выдаткаў будаўнічай галіны, найперш будаўнічых матэрыялаў.
Дырэктар таварыства Алег Сейбель патлумачыў Аляксандру Лукашэнку, што дарагоўля складваецца з існуючых у краіне эканамічных стасункаў. Напрыклад, на кошце газапенасылікатных камянёў адбіваецца двайны падатак на даданую вартасьць — асобна на сыравіну і на гатовую прадукцыю. Вытворцы скардзіліся і на немагчымасьць з-за высокіх расейскіх тарыфаў на чыгуначныя перавозкі прадаваць будматэрыялы ў саюзную Расею.
Расейскі фактар прысутнічаў і падчас абмеркавання эканамічнай сытуацыі з вэртыкальлю і дырэктарскім корпусам у аблвыканкаме. У прыватнасьці, кіраўнік аб'яднаньня "Крышталь" Аляксандар Старавойтаў інфармаваў высокага госьця, што, нягледзячы на двухбаковае ўрадавае пагадненьне, з Расеі не атрымалі ніводнага карата алмазнай сыравіны. Спынілі выпуск дыямэнтаў. Аляксандар Лукашэнка на гэта заўважыў, што ён ня будзе езьдзіць у Расею па сыравіну. Гэта справа дырэктара.
Старшыню калгаса "ХХІ зьезд КПСС" Рэчыцкага раёну Мікалая Коваля кіраўнік дзяржавы папраўляў: не высокія падаткі й дыспарытэт цэнаў вінаватыя ў безграшоўі вёскі, а нізкія ўраджаі і надоі малака.
Трэба сказаць, што сёлета Гомельшчына ўпершыню за апошнія гады не выконвае бюджэт. За 3 кварталы не дабралі звыш 57 мільярдаў рублёў. 37% прадпрыемстваў, у тым ліку 14% у прамысловасьці, працуюць са стратамі. Не выплачваюць своечасова заробкаў. Спазьняецца нават выплата пэнсіяў.
Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад актывам, прызнаў, што рэформы ў эканоміцы патрэбныя. Аднак як галоўны арыенцір ён паказваў на рашэньні 2-га так званага Усебеларускага зьезду. Кантраляваць жа іх выкананьне будзе і генэрал міліцыі Глухоўскі, якога кіраўнік дзяржавы пакідае сваім прадстаўніком ў рэгіёне.