Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЬВЕТЛАГОРСКУ ПАЧАЎСЯ ПЕРАСЬЛЕД ВУЧНЯЎ БЫЛОЙ ФІЛІІ БЕЛАРУСКАГА ЛІЦЭЮ, ЯКІЯ ПІКЕТАВАЛІ Ў ВЕРАСЬНІ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

Пікеты каля гарвыканкаму і гарадзкога аддзелу адукацыі ліцэісты ладзілі ў абарону сваёй установы — філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю.

Паводле новай нарматыўнай дакумэнтацыі, зацьверджанай Міністэрствам адукацыі, з гэтага навучальнага году Нацыянальны ліцэй ня можа мець філіяў у рэгіёнах. Зьмены сталі зручнай нагодай для Сьветлагорскага аддзелу адукацыі, каб ліквідаваць у горадзе апошнюю беларускамоўную навучальную ўстанову, а ейных выхаванцаў перавесьці ў сярэднюю школу №1.

Ліцэісты не пагаджаліся са стратай магчымасьці вучыцца ў прэстыжнай установе, якая давала глыбокія веды, пасьля якой яны лёгка паступалі ў найлепшыя айчынныя і замежныя ўнівэрсытэты. Таму й ладзілі акцыі пратэсту.

Зараз інспэкцыя справаў непаўнагадовых аддзелу ўнутраных справаў выклікае ліцэістаў з бацькамі даваць тлумачэньні адносна арганізацыі пікетаў. Начальнік інспэкцыі, маёр Анатоль Плашчоў паведаміў, што інспэктары выяўляюць ініцыятараў пікетаў. Паводле словаў маёра Плашчова, на ініцыятараў складуць адміністрацыйныя пратаколы пра парушэньне грамадзкага парадку.

Аднак міліцыянты ня схільныя прызнаваць ініцыятыву ў арганізацыі акцыяў пратэсту за ліцэістамі. Проста з паказаньняў апошніх яны імкнуцца выставіць парушальнікамі выкладчыкаў ліцэю. Гэтак нашмат зручней для ўладаў.

Праверку міліцэйскія інспэктары вядуць на падставе пісьмовага патрабаваньня пракурора Міхаіла Пруса. Але і ён не зьяўляецца ініцыятарам у гэтай справе. На імя пракурора з гарвыканкаму паступіў ліст з просьбаю даць юрыдычную ацэнку ліцэйскім акцыям пратэсту. Гэта і прывяло ў рух мясцовыя адміністрацыйныя органы.


XS
SM
MD
LG