Два тыдні таму яшчэ адзін удзельнік акцыі "Ланцуг неабыякавых людзей" Леанід Трухановіч атрымаў папярэджаньне, а разгляд адміністрацыйнай справы Алеся Пікулы суд ужо двойчы адкладаў, бо не было адваката.
Сёньня на судовым паседжаньні абвінавачаны не прызнаў сваёй віны. Алесь Пікула заявіў, што на месцы правядзеньня акцыі апынуўся выпадкова і тады ўжо далучыўся да людзей, што стаялі з партрэтамі зьніклых палітыкаў.
Са словаў спадара Пікулы, ён ня ведаў, што ўлады тую акцыю не дазволілі. Да таго ж прысутныя там міліцыянты ніяк не перашкаджалі правядзеньню мерапрыемства, яны назіралі за падзеямі збоку — гэтак звычайна бывала падчас дазволеных мерапрыемстваў.
Гэта пацьвердзілі й самі супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікалі ў суд сьведкамі. Яны засьведчылі толькі тое, што лідэр мясцовых фронтаўцаў сапраўды стаяў у ланцугу з чыімсьці партрэтам.
Паводле адвакаткі Зоі Гаўдзей, у дзеяньнях Алеся Пікулы абсалютна не было прыкметаў адміністрацыйнага правапарушэньня. Ён не зрабіў ніякай шкоды грамадзтву ці правапарадку.
Але судзьдзя Жанна Капачэўская прызнала Алеся Пікулу вінаватым у парушэньні парадку пікетаваньня і дала яму папярэджаньне.