Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў прамысловыя прадпрыемствы і калгасы агулам вінны былі сваім працаўнікам 130 мільёнаў рублёў. Улады прымушалі кіраўнікоў браць крэдыты на выплату заробку, разьлічвацца таварамі і збожжам — абы толькі ня значыцца ў сьпісе даўжнікоў.
Аднак за верасень нявыплата заробку зноў рэзка падвысілася — ажно да 5 мільярдаў рублёў зь лішкам. Больш за ўсіх вінаваты аграпрамысловы комплекс. Толькі за жнівень вяскоўцам не заплацілі 4 мільярды 293 мільёны рублёў.
Асабліва вялікі доўг сельскім працаўнікам у гаспадарак Жлобінскага, Брагінскага, Буда-Кашалёўскага, Акцябрскага раёнаў, дзе, дарэчы, на выбарах, паводле афіцыйных зьвестак, вяскоўцы на 90 і болей адсоткаў прагаласавалі за Аляксандра Лукашэнку.
Істотна не зьмянілася сытуацыя з выплатай заробку і за бягучы тыдзень — і гэта пасьля завяршэньня жніва і пампэзных "Дажынак" у Мазыры, дзе кіраўнік дзяржавы заявіў, што ягоная "эканамічная палітыка правільная" і што "рэформай зямлю не ўзарэш і кароў не накорміш". Сказана было нават: "Сялянства — апора дзяржавы. Загубім вёску — ня будзе дзяржавы".
Чаму ж вяскоўцы, вырасьціўшы ўраджай, зноў засталіся бяз грошай? Распавядае эканаміст, намесьніца начальніка Буда-Кашалёўскага райсельгасхарчу Марыя Дзегцярова:
(Дзегцярова: ) "Мы прадалі збожжа, вярнулі авансы, аддалі згодна з дамовамі за таварны крэдыт — і ў нас нічога не засталося. Толькі асобныя гаспадаркі часткова змаглі разьлічыцца зь вяскоўцамі за жнівень".
І вось што характэрна: калгасы і саўгасы ня маюць крыніцаў папаўненьня сваіх фінансаў. Прынамсі, у Буда-Кашалёўскім з 316 мільёнаў доўгу за жнівень няма дзе ўзяць на выплату заробкаў 158 мільёнаў рублёў — роўна палову.
Ураджай збожжа, бульбы ды іншых культураў слабы. Калгасам і саўгасам наўпрост няма чаго прадаваць. Да таго ж пагаршае справу неадпаведнасьць усталяваных дзяржавай цэнаў на сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю. Як вынік — безграшоўе.