Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗУБРЫ ПАТРАБУЮЦЬ БУДАВАЦЬ ШКОЛЫ


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

Гэтая акцыя была праведзеная ў тры этапы. Цягам папярэдняга тыдня сябры рух "Зубр" і філіі "Моладзь АГП" пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі і да старшыні гарвыканкаму Ганны Лаўрукевіч сабралі каля тысячы подпісаў салігорскіх школьнікаў, якія запатрабавалі аднавіць будоўлю комплексу сярэдняй школы №13 у раёне вуліцы Чыгуначнай.

Другім этапам было ўручэньне 20 юнакамі і дзяўчатамі згаданага звароту кіраўнікам гарвыканкаму, што сёньня ў другой палове дня і зрабілі актывісты "Зубру" і "Моладзі аб'яднанай грамадзянскай партыі".

Як вынікае са звароту, будаўніцтва комплексу сярэдняй школы №13 распачалося яшчэ ў першай палове 1990-х гадоў. Але справа далей некалькіх мэтраў цаглянай кладкі так і не пайшла. У дакумэнце згадваецца, што ў гарвыканкаму знаходзяцца грошы на будаўніцтва праваслаўнага храму, дзеля гэтага нават уведзены адмысловы падатак з прадпрыемстваў, на розныя агульнагарадзкія сьвяты, кірмашы, на запрашэньні ў Салігорск маскоўскіх артыстаў. А вось да будоўлі школы рукі не даходзяць.

Адно, што падчас выбараў у "палату прадстаўнікоў" і падчас прэзыдэнцкіх выбараў уладныя чыноўнікі і давераныя асобы абяцалі салігорцам ажывіць згаданае будаўніцтва.

Аднак сёньня маладыя хадакі і кіраўніцтва філіі АГП Ларыса Насановіч ад першага намесьніка старшыні гарвыканкаму спадара Каняўца ўжо абяцаньняў не пачулі.

(Канявец: ) "Ёсьць аб'екты, якія былі пачатыя значна раней, чым школы і яны яшчэ ня скончаныя. Спачатку будуць прафінансаваныя гэтыя аб'екты, а потым школа", — заявіў чыноўнік.

Пасьля такога адказу каля 20 сябраў руху "Зубр" і філіі "Моладзь АГП" распачалі трэці этап сёньняшняй акцыі. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся на групы і на вуліцах у розных частках гораду распачалі раздачу дарослым адмысловых улётак, празь якія папрасілі бацькоўскую грамадзкасьць гораду запатрабаваць ад гарвыканкаму збудаваць нарэшце сярэднюю школу №13 ды выканаць тым самым перадвыбарчыя абяцаньні ўладаў.

Пра сёньняшнюю акцыю моладзі старшыні філіяў АГП Ларыса Насановіч і Беларускага Гельсынскага камітэту Леанід Мархотка сказалі, што Аляксандру Лукашэнку ды Ганьне Лаўрукевіч павінна быць проста сорамна, што салігорскія дзеці вось праз такія акцыі змагаюцца за сваё права на адукацыю ў цывілізаваных умовах.
XS
SM
MD
LG