Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ ЎХІЛІЛАСЯ АД ВЫРАШЭНЬНЯ СПРЭЧКІ ВАКОЛ СЬВЕТЛАГОРСКАЙ ФІЛІІ БЕЛАРУСКАГА ЛІЦЭЮ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Міністэрства адукацыі ня бачыць сваёй ролі ў вырашэньні гэтага канфлікту.

Загад спыніць фінансаваньне ліцэю з 17 верасьня быў падрыхтаваны загадчыцай аддзелу адукацыі Сьветлагорскага гарвыканкаму Галінай Філіповіч за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Калі пра гэта даведаліся ліцэісты і выкладчыкі, яны сталі двойчы на дзень, да заняткаў і пасьля іх, пікетаваць гарвыканкам, а пасьля асобна і аддзел адукацыі.

Да пратэсту далучыліся і бацькі навучэнцаў. Не знайшоўшы паразуменьня ў гарвыканкаме, яны зьвярнуліся з адмысловай заявай на адрас Міністэрства адукацыі. Прасілі разгледзець два варыянты захаваньня ліцэю: унесьці зьмены ў статут Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Коласа і захаваць Сьветлагорскі ліцэй як ягоную філію альбо рэарганізаваць філію ў самастойную навучальную ўстанову.

Намесьнік міністра адукацыі краіны Генадзь Дылян паведаміў нашаму радыё, што ўчора калегія Міністэрства разглядала гэтае пытаньне, і Міністэрства адукацыі ня бачыць шляхоў да таго, каб вярнуць усё на сваё месца, бо прынятае рашэньне мясцовай улады.

Нягледзячы на адсутнасьць фінансаваньня, заняткі ў ліцэі працягваюцца. Выкладчыкі працуюць бясплатна.

Не жадаюць пераходзіць у сярэднюю школу №1 і ліцэісты, хаця гарадзкія ўлады цынічна пазбавілі іх прадугледжаных заканадаўствам бясплатных школьных абедаў.

Каця Сідарава, якая трэці год вучыцца ў ліцэі, распавяла карэспандэнту, што для яе вярнуцца ў школу №1 адзначае "зьвесьці на нішто ўсе свае намаганьні за папярэднія два гады". Яна ведае, што пасьля вучобы ў 1-й школе не паступіць у ніводзін нармалёвы ўнівэрсытэт.

Тым часам гарвыканкам зьвярнуўся ў пракуратуру з патрабаваньнем даць прававую ацэнку загаду аддзелу адукацыі пра спыненьне фінансаваньня ліцэю, а таксама несанкцыянаваным пікетам навучэнцаў і выкладчыкаў.

Міліцыянты сталі запалохваць ліцэістаў пакараньнем за акцыі пратэсту. Гэтым, у прыватнасьці, займаўся інспэктар па справах непаўнагадовых спадар Зізятка.


XS
SM
MD
LG