Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЗНОЎ ПЕРАТРУС У РЭДАКЦЫІ “ПАГОНІ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў сярэдзіне дня адбыўся другі ператрус у "Пагоні". Першы праводзіўся 5 верасьня — тады пракуратура распачала крымінальную справу, бо нібыта ў адной публікацыі знайшлі паклёп на Аляксандра Лукашэнку. У той жа дзень у друкарні арыштавалі наклад, а таксама канфіскавалі кампутарную тэхніку рэдакцыі.

Сёньня ператрус праводзілі сьледчыя пракуратуры Алег Кулевіч і Альфрэд Танкевіч. Яны абшукалі ўсе рэдакцыйныя шуфляды, усе папкі, партфэль рэдактара. Шукалі арыгіналы публікацыяў апошніх двух нумароў, хаця да чытачоў яны ня трапілі.

Сёньняшні нумар, як і папярэдні, ня выйшаў. "Ці ёсьць сэнс рыхтаваць наступны?" — пацікавіўся галоўны рэдактар Мікола Маркевіч. "Калі толькі ў ім ня будзе паклёпу на прэзыдэнта. А калі вы ня ўпэўнены, можаце папярэдне прынесьці — паказаць нам матэрыялы", — такі адказ даў сьледчы абласной пракуратуры Алег Кулевіч.

Дзеяньні карных органаў фінансава моцна паслабілі "Пагоню" — за арыштаваны нумар абласной друкарні заплацілі 673 тысячы рублёў. Надрукавалі і зьнішчылі толькі восьмую частку накладу, аднак друкарня не вярнула астатніх грошай.

Учора рэдакцыя мусіла заплаціць за сёньняшні нумар новую суму — 170 тысяч рублёў, але й гэты нумар ня выйшаў. У ім сьледчыя пракуратуры таксама адшукалі крамолу.
XS
SM
MD
LG