Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРЫСАВЕ АКТЫВІСТУ “ЗУБРА” ПРЫСУДЗІЛІ БУЙНЫ ШТРАФ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Судзьдзя Барысаўскага гарсуду Аляксей Болатаў за ўдзел Зьмітра Фядорчанкі ў недазволеным уладамі пікеце 1-га чэрвеня прысудзіў яму буйны штраф — 150 мінімальных заробкаў, гэта цяпер каля 750 даляраў ЗША.

Як вынікала з адказаў Зьмітра Фядорчанкі на пытаньні судзьдзі Болатава, актывіст моладзевага руху "Зубар" лічыць, што мясцовая мэдыцына праўляе злачынную абыякавасьць да здароўя дзяцей. Паводле апошніх зьвестак, у Барысаве каля 250 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія хварэюць на гепатыт B i C. Таму Зьміцер Фядорчанка з плякатамі на гэтую тэму стаў у пікет на ганку гарвыканкаму.

З гэтай жа прычыны грамадзкая абаронца спадара Фядорчанкі намесьніца старшыні барысаўскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Ларыса Грэбнева прасіла апраўдаць свайго падабароннага.

Сёньня ўначы невядомыя людзі пабілі акно ў кватэры, дзе жывуць яшчэ дзьве ўдзельніцы акцыі 1 чэрвеня — Алеся Ясюк і ейная 16-гадовая дачка Тацяна Ясюк (яе нядаўна жорстка зьбілі прыхільнікі РНЕ). З нагоды нападу на кватэру Алеся Ясюк сёньня падала заяву ў гараддзел унутраных справаў.
XS
SM
MD
LG