На пляцы Леніна і прылеглых цэнтральных вуліцах дзясяткі адзінак спэцтэхнікі і не адна сотня будаўнікоў. Хаця пра намер правесьці дажынкі ў Мазыры ведалі яшчэ паўтара года таму, аўралу пазьбегнуць не ўдалося. Адпаведнае распараджэньне Аляксандар Лукашэнка падпісаў толькі ўвесну. Гарадзкія ўлады на чале з новым старшынём выканкаму Ўладзімерам Путупчыкам мелі намер за кошт рэспубліканскага бюджэту паправіць свае справы і са зьнешнім выглядам гораду і зь яго камунальнай гаспадаркай. Яны ўключылі ў плян рэканструкцыі палац культуры, прыбярэжны да Прыпяці зялёны парк, шматлікія тратуары і вуліцы, замену цепласетак і нават аднаўленьне помніка Леніну на галоўным пляцы. Па некаторых зьвестках, агулам усё гэта пацягнула на 22 мільярды рублёў.
Дэлегацыя з Мазыра езьдзіла нават у не абвешчаную, але прызнаную сталіцу беларускіх Дажынак – горад Шклоў, радзіму Лукашэнкі, каб там павучыцца так званаму ідэалягічнаму забесьпячэньню маштабнага мерапрыемства. Размах мазырскіх уладаў, аднак, нядаўна астудзіў Уладзімер Ярмошын. Будучы ў Мазыры, у гарвыканкаме, ён заявіў, што рэспубліка выдзяліць на Дажынкі толькі 2 млрд. рублёў – адзін у ліпені, другі ў жніўні. Болей ні рубля.
Між тым у верасьні горад плянуе прыняць да 5 тысяч гасьцей, зь іх каля 800 – артысты. Разьмяшчаць прыезжых давядзецца нават у навакольных райцэнтрах Нароўлі, Ельску, Калінкавічах, Сьветлагорску. Гэта – за 10-50 кілямэтраў ад Мазыра.
Зьбіраючы грошы на Дажынкі, гарвыканкам змушаны быў нават падвысіць у два з паловай разы кошт праезду ў выходныя дні ў гарадзкім транспарце.
У той самы час, калі на галоўным пляцы кіпіць работа, у сумежных дамах месьцічы застаюцца са сваімі праблемамі – з дахамі, якія працякаюць, зь іржавымі трубамі, якія камунальнікі не мяняюць дзесяцігодзьдзямі. Вось што кажа пэнсіянэр Міхаіл Мікалаевіч з дому №138 па вуліцы Савецкай, фасад якога выходзіць на пляц Леніна:
(Міхаіл Мікалаевіч: ) “Тое, што звонку пыл пускаюць, – нам гэта ня трэба. Нам трэба, каб у кватэрах было нармальна. Дах цячэ, столь жоўтая, тынкоўка падае, дождж пойдзе – увесь дом залівае. Вось вам і Дажынкі”.