Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АСІПОВІЧАХ МІЛІЦЫЯНТЫ ПРАВЯЛІ ПЕРАТРУС У ОФІСЕ “КАРАЛЕЎСТВА БЕЛАРУСЬ”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць


Міліцыянты ў першую чаргу цікавіліся паходжаньнем аргтэхнікі аб’яднаньня “Каралеўства Беларусь”. Яго кіраўнікі патлумачылі, што кампутар, ксэракс ды іншую тэхніку перадало ім у арэнду адно зь вядомых інфармацыйных агенцтваў Злучаных Штатаў. Аднак, паводле меркаваньня міліцыянтаў, людзі, што атрымалі ад замежных арганізацыяў такое абсталяваньне, ня маюць права арандаваць кватэру, пра што і быў складзены адпаведны пратакол. Міліцыянты спасылаліся на вядомы прэзыдэнцкі дэкрэт №8, што рэглямэнтуе парадак паступленьня гуманітарнай дапамогі ў РБ. На падставе дэкрэту арандатары офісу атрымалі папярэджаньне. Ім пагражаюць высяленьнем з кватэры.

Нагадаем, што гэта ўжо ня першы візыт міліцыянтаў у кватэру. Летась там ужо быў зроблены ператрус. Нагодай для яго стаў артыкул у незарэгістраванай газэце “Панарама”, у якім крытыкаваліся дзеяньні врэтыкалі. Газэта накладам 299 асобнікаў друкавался на кампутары “Каралеўства Беларусь”. Аднак арандатары лічаць, што прычына ператрусу на гэты раз іншая. У бліжэйшы час гэтая грамадзкая арганізацыя зьбіраецца перадаць права арэнды жыхарам Асіповічаў, што ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра. Гэтыя людзі лічаць, што папярэджаньне міліцыянтаў абумоўленнае менавіта такімі прычынамі. Яны не выключаюць, што тэлефоны кватэры праслухоўваюць супрацоўнікі КГБ.
XS
SM
MD
LG