Арганізацыя Незалежнага прафсаюзу на згаданым прадпрыемстве была ўтвораная колькі гадоў таму і ўвесь гэты час адміністрацыя ЦЭЦ спрабуе яе ліквідаваць.
Нядаўна кіраўніцтва суполкі зьвярнулася ў абласное аддзяленьне Рэспубліканскага працоўнага арбітража з просьбаю ўлагодзіць працоўную спрэчку, якая ўзьнікла на прадпрыемстве ў зьвязку з невыкананьнем наймальнікам калектыўнай дамовы. Адміністрацыя ЦЭЦ, у прыватнасьці, парушыла ці наагул адмовілася выконваць 11 пунктаў дамовы.
Неўзабаве ў Наваполацак завітаў кіраўнік абласнога аддзяленьня Рэспубліканскага працоўнага арбітража сп. Зайчыкаў, які сустрэўся з прафсаюзнымі актывістамі і прадстаўнікамі адміністрацыі, паабяцаў ва ўсім разабрацца і ўрэшце рэшт прыслаў на адрас прафсаюзнай суполкі афіцыйную даведку, у якой паведаміў, што дзейнасьць Незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве зьяўляецца незаконнай і яна павінна самаліквідавацца. “Нехарактэрная для прававога статуса дзейнасьць прафсаюзнай арганізацыі мусібыць спынена”, — канстатаваў абласны арбітар.
Мімаходзь заўважым, што першасная арганізацыя Незалежнага прафсаюза Наваполацкай ЦЭЦ мае афіцыйны статус, зарэгістраваная ў гарвыканкаме, а таму вэрдыкт абласнога арбітра выклікаў у сябраў суполкі лёгкую зьбянтэжанасьць. Уадначас сябры прафсаюзу атрымалі яшчэ аднаго ліста — гэтым разам зь мясцовага гарвыканкаму. У ім паведамлялася, што прафсуполка павінна неадкладна займець новы юрыдычны адрас, і калі яна гэтага ня зробіць, будзе зьліквідаваная.
Аналягічны ліст атрымалі й кіраўнікі цэцаўскага афіцыйнага прафсаюзу, і калі “афіцыйнікам” адміністрацыя знайшла такі адрас без праблем, дык “незалежнікі” на сваю просьбу атрымалі пісьмовы адказ за подпісам дырэктара ЦЭЦ: “Дапагчы нічым ня можам у сувязі з адсутнасьцю такой неабходнасьці”.
У такой сытуацыі кіраўніцтва суполкі Незалежнага прафсаюзу вырашыла зьвярнулася ў Пракуратуру са скаргаю на неправамерныя дзеяньні адміністрацыі ЦЭЦ, а таксама ў Рэспубліканскі працоўны арбітраж. У сваім звароце ў Арбітраж наваполацкія энэргетыкі з жалем канстатавалі, што замест таго, каб рэгуляваць дачыненьні паміж сацыяльнымі супольнасьцямі на асновах дзейнага заканадаўства, функцыянэры абласнога аддзяленьня працоўнага Арбітража ўзялі на сябе функцыю ліквідатараў незалежнага прафсаюзнага руху.
Адказ са сталіцы прыйшоў на дзіва хутка. Выканаўца абавязкаў старшыні памянёнага ведамства сп. Вайцун, зразумеўшы, што падначалены перабраў меру, паведаміў наступнае: прапановы Зайчыкава па дзейнасьці Незалежнага прафсаюза супярэчаць заканадаўству; ліст кіраўніка абласнога аддзяленьня РПА адкліканы ад усіх адрасатаў; Зайчыкаву ўказана на недахопы ў працы і ён строга папярэджаны аб неабходнасьці дзейнічаць у межах прававога поля.
Такім чынам, надарылася амаль неверагоднае: начальнік публічна дэзавуіраваў заяву свайго падначаленага.
Цяпер, як жартам кажуць сябры Незалежнага прафсаюзу, справа за малым: прымусіць дзеяць у прававым полі адміністрацыю Наваполацкай ЦЭЦ, а разам зь ёю і ўсё беларускае чынавенства.