Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ СКРАДЗЕНЫ ЧАРНОБЫЛЬСКІ КРЫЖ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў


Разам з крыжам зьнікла і шыльда, усталяваная 26 красавіка 1998 году ў памяць ахвяраў Чарнобылю. Менавіта тады пад пільным наглядам міліцыянтаў мясцовыя дэмакраты прайшлі з крыжам па вуліцах гораду і ўсталявалі яго каля дарогі да прамысловага аб'яднаньня "Хімвалакно".

Тры гады запар на кожныя ўгодкі Чарнобылю дэмакраты праводзілі тут імправізаваныя мітынгі-рэквіемы, пакуль некаму не прыйшла думка вырваць крыж зь зямлі.

Дзе зараз крыж — невядома. Міліцыянты мяркуюць, што крыж зьнесьлі падлеткі. Іншай думкі трымаюцца прадстаўнікі мясцовых грамадзкіх экалягічных аб'яднаньняў.

Старшыня Магілёўскага экалягічнага таварыства Міхаіл Шараметаў лічыць, што калі апазыцыя радзей стала наведваць гэтае месца, улады палічылі, што крыж непатрэбны і зьнесьлі яго. Апазыцыянэры згадваюць, што ў абласным цэнтры былі два Чарнобыльскія крыжы, аднак жа ўсталяваны ўладай стаіць дагэтуль.

Прадстаўнікі раённай вэртыкалі адмаўляюць сваё дачыненьне да зьнікненьня крыжа і характарызуюць здарэньне як звычайнае рабаўніцтва.

Апошнім часам гэта ня адзіны выпадак рабаўніцтва помнікаў гісторыі і культуры ў Магілёве. Напярэдадні са скульптуры Эўфрасіньні Полацкай невядомыя скралі фрагмэнты помніка і выяву крыжа. Цьверджаньне пра крымінальны характар злачынстваў выклікае сумнеў. І Чарнобыльскі крыж, і складнікі помніка Эўфрасіньні Полацкай зробленыя з дрэва, і вялікай матэрыяльнай каштоўнасьці яны ня маюць.
XS
SM
MD
LG