Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ПАЛЯВАЛІ НА "ЗУБРОЎ" НА ЦЭНТРАЛЬНЫМ СТАДЫЁНЕ БАРЫСАВА


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Ці не да самай начы працаваў учора ў пастарунку супрацоўнік інспэкцыі ў справах непаўнагадовых Барысаўскага ГАУС лейтэнант Шмырко. Прыкладна з паловай на восьмую вечара ягоныя калегі пачалі прывозіць да яго падлеткаў — іх затрымалі падчас згаданага футбольнага матчу проста на трыбунах стадыёну.

Як патлумачылі Радыё Свабода маёры Ардэльяраў і Кірын, што затрымлівалі юных заўзятараў, гэтыя хлапчукі і дзяўчаты кожны забіты ў браму "Тарпэда-МАЗ" гол віталі незарэгістраванымі ў Мінюсьце сьцягамі. Гэта былі сінія палотнішчы з жоўтай аплікацыяй зубра ўсярэдзіне. У другім тайме тарпэдаўскі брамнік прапусьціў ажно 5 галоў — можна ўявіць, як хваляваліся супрацоўнікі ГАУС.

Дарэчы, сіне-блакітныя колеры ёсьць колерамі спартовага клюбу "БАТЭ".

Міліцыянты паводзілі сябе карэктна і не перашкодзілі прысутнічаць на допытах падлеткаў прадстаўнікам праваабарончага цэнтру "Вясна" і Беларускага Гельсынскага камітэту.

Лейтэнант Шмыркоў узяў ва ўсіх затрыманых пісьмовае тлумачэньне і адпусьціў іх па хатах. Цяпер ім пагражаюць разьбіральніцтвы ў школах, ліцэях і вучэльнях, а таксама ў Камісіі ў справах непаўнагадовых пры Барысаўскім гарвыканкаме, пасьля чаго могуць даць штрафы бацькам. На просьбу падлеткаў я не называю іхных прозьвішчаў.
XS
SM
MD
LG