Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У ПІНСКУ ПРЫЗНАЎ ЗАБАРОНУ МІТЫНГУ 25 САКАВІКА НЕЗАКОННАЙ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Гарвыканкам забараніў праводзіць мітынг з-за таго, што (цытата) “два заяўнікі наўрад ці змогуць забясьпечыць грамадзкі парадак падчас правядзеньня такой акцыі”(канец цытаты). Арганізатары мітынгу палічылі гэткія тлумачэньні беспадстаўнымі ды зьвярнуліся ў суд.

Судовае паседжаньне было прызначанае толькі праз два месяцы пасьля падачы пазову. Адказчык, а гэта старшыня пінскага гарвыканкаму Васіль Шуст (менавіта ягоны подпіс стаяў на выканкамаўскай адмове), у суд не зьявіўся. Хадайніцтва пазоўнікаў аб прысутнасьці на паседжаньні менавіта старшыні гарвыканкаму судзьдзя Клімовіч не задаволіў. У часе працэсу падстаўнік Васіля Шуста, загадчыца юрыдычнага аддзелу гарвыканкаму Натальля Нікіцюк прызнала, што выканкамаўскі ліст-адказ не ўтрымлівае тлумачэньня аб падставах адмовы. Аднак, па яе словах, нягледзячы на гэта выканкам лічыць скаргу заяўнікаў неабгрунтаванай. Спадарыня Нікіцюк паведаміла таксама, што складаючы адмову на мітынг, яе начальнікі наагул зь юрыдычным аддзелам не кансультаваліся. У выніку, пасьля дзьвюхгадзіннага перапынку судзьдзя Клімовіч абвесьціў, што скарга заяўнікаў мае падставы і дзеяньні старшыні пінскага гарвыканкаму Васіля Шуста ў справе забароны мітынгу прызнаў незаконнымі.

Гаворыць адзін з заяўнікаў Сяргей Касьцюковіч:

(Касьцюковіч: ) “Мы задаволеныя рашэньнем суда, і калі гарвыканкам будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў абласным судзе, я спадзяюся, што і абласны суд прыме такое ж рашэньне”.
XS
SM
MD
LG