Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕНА ЗАХОЖАЯ Ў БАБРУЙСКУ НА 15-Ы ДЗЕНЬ ГАЛАДОЎКІ ШПІТАЛІЗАВАНАЯ


Міхал Стэльмак, Бабруйск


Cёньня пры канцы першай працоўнай зьмены Алену Захожую забралі ў шпіталь. Вось што паведаміў нашаму радыё рабочы камбінату Генадзь Казлоўскі, які працуе ў адным цэху з Аленай Захожай:

(Казлоўскі: ) "Нас усіх выгналі, а яе павезьлі. З майстэрні ўсіх выгналі, а самі тут размаўлялі. Пра што яны размаўлялі, я ня ведаю. Тут былі з райвыканкаму, начальнік цэху. Што ёй казалі — Бог ведае. Яна, відаць, пагадзілася. Яе завезьлі ў шпіталь, у хірургічнае аддзяленьне. Але па-мойму, яна працягвае галадаць".

Паводле іншых вэрсіяў, Алена Захожая пагадзілася ехаць у шпіталь ды прыпыніць галадоўку, бо нібыта ёй паабяцалі задаволіць ейнае патрабаваньне — даць даведку пра наяўнасьць у прафсаюзу юрыдычнага адрасу для рэгістрацыі суполкі.

Між тым, яшчэ сёньня раніцай прафсаюзная лідэрка працягвала трымаць галадоўку пратэсту. Другую ноч запар Алена Захожая правяла ў цэху, пакінуць які яна адмовілася.

Спадарыня Захожая патлумачыла нежаданьне пакінуць працу тым, што ня мае пашпарту — ён, паводле ейных словаў, застаўся ў прафсаюзным офісе. 11 траўня офіс захапіла адміністрацыя камбінату, пасьля чаго прафсаюзныя дакумэнты й асабістыя рэчы кіраўніцы суполкі Незалежнага прафсаюзу зьніклі.

Як і ўчора, сёньня раніцай Алена Захожая адмовілася ад мэдычных паслугаў і заявіла адміністрацыі, што настойвае на сваім патрабаваньні.

Рэакцыю кіраўніцтва "Белшыны" за некалькі гадзінаў да шпіталізацыі Алены Захожай апісвае Міхаіл Астроўскі, які ўзначальвае энэргетычную службу цэху, дзе працуе Захожая:

(Астроўскі: ) "Я ня ведаю, бо я не атрымліваю ніякай інфармацыі па гэтым пытаньні. Я працую энэргетыкам цэху, але мяне ніхто не інфармуе. Галадоўку працягвае, адчуваньне, скажам так, здавальняючае. Ведаеце, спрабуюць яе ўгаварыць кінуць гэтую справу. Мінула два тыдні — каб хацелі яны ёй даць даведку, далі б ужо".

Паводле словаў спадара Астроўскага, угаворвалі Алену Захожую спыніць акцыю пратэсту і іншыя калегі.

Генэральнага дырэктара "Белшыны" Дзьмітрыя Сівіцкага, паводле зьвестак адміністрацыі, зараз у Бабруйску няма. Ён нібыта ад’ехаў у камандзіроўку.

Прафсаюзнамі справамі займаюцца ягоныя намесьнікі Ўладзімер Раманоўскі й Натальля Васільева. Ці задаволяць яны патрабаваньне прафсаюзнай лідэркі? Адказаць на гэтае пытаньне нашаму радыё прадстаўнікі адміністрацыі адмовіліся.
XS
SM
MD
LG